epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Маладзік

Як новы ў небе маладзік

У ноч святлом мігне,

Па ціхім беразе ракі

Прыйдзі спаткаць мяне.

 

Чакай, пакуль не скіне ён

Мне кладку на ваду,—

Пільнуй —

па светлай кладцы той

Раку я перайду...

 

Стаяў юнак цярпліва ноч,

Да ранніх жаўрукоў,

А новы ў небе маладзік

Над ім і не ўзышоў.

 

Чакаў яшчэ за ноччу ноч,

Стаяў, як вартаўнік,

Ды зноў

над берагам ракі

Не выйшаў маладзік.

 

Тады збянтэжаны юнак

Над жвірам, над пяском

У смутку роспачным сваім

Стаў сам маладзіком.

 

І ў небе засвяціўся ён

Жывым сярпом святла.

І ўбачыў з радасцю адтуль:

Каханая прыйшла!

 

Але не мог ён стаць ізноў

Шчаслівым юнаком.

А толькі мог каханай ён

Свяціць маладзіком.

 

Не мог і кліч падаць з нябёс,

А толькі з высі той

Праклаў ён кладку з серабра

Цераз раку прад ёй.

 

Дзяўчына, поўная тугі,

Мо сто разоў прайшла

Па кладцы той,

а юнака

Спаткаць і не змагла.

 

І стала так балесна ёй,

Так сэрца жаль апёк,

Што раптам пыхнула яна,

Бы яркі аганёк.

 

Дзе лес шуміць па-над ракой,

Заззяла-паплыла,—

То кветка-папараць тады

Там першы раз цвіла.

 

І з тых часоў — адзіны міг

З дубровы ці барка

Гарыць між траваў аганёк

У ноч маладзіка.

 

Адзін міг толькі, толькі міг,—

Быў аганёк і знік...

Ніхто не знае, дзе ён быў,

Знаў толькі —

маладзік...

1981


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан