epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Маленькі хлопчык крыкнуў: — Мама!.."

Маленькі хлопчык крыкнуў: — Мама!

А бомбы голас быў гучней...

І боль пакутнага В’етнама

Стаў, як рака, яшчэ паўней.

 

Пыл наклубіўся з дымам чорным,

Укрыў бяду, і жах, і кроў.

І ў небе гулка, нават горда,

Заакіянскі кат зароў.

 

Стаю, ўбіраю гром экрана.

Душа крычыць — хутчэй з кіно!

Мой ранак! Дзе ты, сіні ранак?

Я адчыню табе акно.


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан