epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Малітва

Не магу нават бачыць,

як нехта моліцца,

Перад богам капеечным паклоны б’е.

О, не дай мне, сумленне, стаць багамольцам,

Аддаваць на глумленне пачуцці свае.

 

Хто б ні быў і якім бы ўсявышнім Ісусам,

Хоць і з процьмай навечных святых прывілей,—

О, спыні мяне, сумленне, перад цяжкай

спакусай —

Выліваць прад бажніцамі апошні ялей.

 

Перад адным толькі німбам заўжды ў

захапленні

У паклоне хілюся сівой галавой.

І калі дзе забудуся — кінь мяне на калені,

О сумленне, кінь мяне на калені —

перад Радзімай маёй!

 

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан