epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Марш бадзёрых

І рана ўстаць мы ўмеем самі,

І знаем сцежкі нацянькі

У светлы лес, дзе між дубамі

Чакаюць нас баравікі.

 

З вясёлым спевам, звонкім смехам

Мы ўсе абудзім гушчары.

Калі ж заблудзімся, дык рэха

Заўсёды скажа, дзе сябры.

 

Дзень добры вам, лясы-дубровы,

І гулкі бор, і хмызнячок.

Паклон табе, рудагаловы

Крамяны друг — баравічок!

 

Вітанне вам, з травы і кветак

Палян жывыя дываны.

Жыві і слаўся, шчасце лета,

На ўлонні роднай стараны!

1957


1957

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан