epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Марш мерцвякоў

Кожны крочыць маршам хвацкім: трам-там!

Павароты, развароты: тром-бом!

Што там нейкі з жоўтай скураю В’етнам

Перад гэтым белым з цэшкаю ілбом?!

 

Генерал старыя косці брава пне:

Хоп-хоп! — брынк рука да эпалет.

Што там нейкі свет крычыць: «Праклён вайне!»

Ён правучыць, ён навучыць гэты свет!

 

Моцна-гучна б’юць нагамі: ах, які

Шык ваяцкі,— можна й пеўню напаказ!

Ды маўчыць Брадвей. Бо знае:

мерцвякі,

Мерцвякі прад ім ідуць...

Не першы раз!

 

Знае: хутка сціхне гэтае «хоп-хоп».

Грозна ўстане прад чужынцамі В’етнам.

І пад цацкаю — пад цэшкай белы лоб

Назаўжды забудзе маршаў — «трам-там».

 

З паласатымі сцягамі караблі

Паласатыя труна каля труны

Прывязуць з чужой, з далёкае зямлі,—

Мерцвякі дадому вернуцца з вайны.

 

Не, тых трун не ўбачыць стомлены Брадвей:

Іх цішком скіруюць проста да магіл.

На Брадвеі зноў павінна быць «о’кей»,

«Трам-там!» — маршырантаў п’яны сквіл!

 

«Трам-бом!» — задаволен генерал,

«Хоп-хоп!» — брынк руку да эпалет!

Не збяднеў у дзядзі Сэма капітал —

«Трам-там!» — Каб наслаць бяду на свет!

 

І Брадвей маўчыць зацята,— больш і больш

Па-над ім плыве трывогі тлум цяжкі.

«Хоп-хоп!» — З пагражальнаю хвальбой

Маршыруюць па Брадвеі мерцвякі.

 

Лістапад 1969,

Нью-Йорк


1962; 1981?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан