epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Матулю клікаў: дай бароню..."

Матулю клікаў: дай бароню,

Матулю чуў: абараню.

І бачыў я здалёку гоню,

І чуў над ёю цішыню,

 

І маці бачыў над сабою:

Сярпок паклаўшы пад снапок,

Мяне люляла і з журбою

Казала, хрысцячы: — Сынок,

 

Глядзі, вунь там, дзе сонца,— неба,

А тут — зямля, і ёй хвала...

І пахла мне скарынка хлеба,

Што ўсё жыццё святой была.


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан