epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Мяшчанскі страх

І дзед ягоны быў рабочым,

І бацька быў працаўніком.

А ён — куды там! — ён не хоча

Убачыць сына за станком.

Хто ж ён такі?!.

Хто ён такі? —

Ён дзеяч: круць ва ўсе бакі.

Мясіў ваду ў раённым проме,

Быў загканатам на пароме,

Загадваў сінька-шпунта-мылам,

Быў тэхнікам налі-чарніла,

Хадзіў у званні начсалома,

А потым цвёрда ўсеўся дома

На ладны пост: загцёшчаблін...

І лічыць, словам, што ён — чын.

Крычыць: «Я — змалку кіраўнічы,

Не быў ніколі простым я...»

Т жыць павінна — так ён лічыць —

Не як усе

яго сям’я.

І дзед ягоны быў рабочым,

І бацька быў працаўніком.

А ён — куды там! — ён не хоча

Убачыць сына за станком.

Ужо не раз сышла паводка,

Як скончыў сын дзесяцігодку,

Ужо расце ў яго бародка,

І мае ўласную паходку

Юнак.

Бацькі ж яму: «Сыночак,

Наш малалетак-галубочак,

Ты кволы ў нас, ты не такі,

Як усе тыя юнакі,

Ты ў нас — разумнік, ты ў нас — цуд,

Ты пойдзеш толькі ў інстытут!..»

Сябры з сабою хлопца клічуць

У цэх гарачы, на завод,

І на пляцоўцы будаўнічай

Знаёмы ўвесь яму народ,

Шуміць, гудзе навокал праца,

Растуць кварталы і палацы,

Жыве, спявае маладосць,

Для ўсякіх рук — работа ёсць!

І сумна хлопцу так бадзяцца,

І гэтак хочацца яму

З сябрамі разам уздымацца

На будаўніцтве й самаму,

Каб стаць тварцом рабочай славы,

Быць майстрам самай шчырай справы...

Бацькі ж: «Ты кволы ў нас, ты — цуд,

Ты пойдзеш толькі ў інстытут!..»

Што ў нас не многа гэткіх татак

І мамак,— нам вядома ўсім.

Мяшчанскі нейкі ёсць астатак...

Але ўсё ж ёсць...

І што ж мы ім,

І што мы ім, чытач, параім?

А мы ім скажам: — Кіньце пых!

Глядзіце, колькі ў нашым краі

Дарог-шляхоў для маладых.

Не беларучкамі ўзраслі мы,

Не беларучак нам расціць!

На дарагой зямлі Радзімы

Закон наш — жыць, а не гасціць.

Хай з маладосцю крочыць смела

Ваш сын у радаснай хадзе,

Каб, як мяшчан перастарэлых,

Не ўспамінаў ён вас нідзе!

1958


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан