epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Мелодыя восені

І вось ты зноў...

Праз цэлы век нязменная

І што ні раз загадкавая зноў...

Пра што ты сёння —

Восені натхненная

Мелодыя калёраў і таноў?..

 

Аб чым спяваеш,

Залатое полымя

Бяроз,

Сярод барвовасці асін?

А твой, крушынка

Зыркая і кволая,

Пра што агеньчык —

колеру аўсін?

 

Пра што, пра што,

То гулка, а то сцішана,

Лістоты —

Там зіхценне, там запал?

Пра што ён, ля былых сядзіб,

Мігае вішаннік?

І водбліск медзі,

Што на дуб апаў?

 

Звініць прасцяг, пяе жывымі барвамі,

Свой адмысловы спеў —

што ні куток.

Дзе ні ступі —

Гудзе зямля шматфарбная:

У лесе,

На прысадах,

Ля заток.

 

Не раз зачараваны

Тут праходзіў я,

Ляцеў натхненна

У звонны далягляд.

А залатая

Восені мелодыя

Хвалюе —

як і многа год назад.

 

У светлай любасці

Усё імкнуся вылучыць:

Дзе найгучней

Калёры расцвілі?

І рады,

Што праз цэлы век

Не здолеў вывучыць

Загадкавую велічнасць зямлі...

 

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан