epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Месяц і хмурынка

Зачапілася за месяц,

За зялёны язычок,

Сінякрылая хмурынка —

Як гарохавы стручок.

 

Зачапілася, гайдаецца —

Ляціць і не ляціць.

І, як спелая гарошына,

Аб месяц шалясціць.

 

Ну, а месяц? Кажа месяц:

«Я такога не люблю!

Спаць хачу я»... І рашыў ён

Скінуць хмарку на зямлю.

 

Тут адразу ўзняўся вецер,

Разгайдаў шырокі Сож.

І заплакала хмурынка —

На зямлю закрапаў дождж.

 

Дождж ляціць на нашы ўзлескі,

На яліны, на дубы.

Хай ляціць — мы пойдзем ранкам,

Раннім ранкам па грыбы.

1959


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан