epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Мілавіцы (Паэма)

...І вось на ранку

ля чаўноў збуцвелых

Я збіў з бухматых елак пульхны снег;

Пралез сярод ляшчынін

і на лёд

Паставіў пешні вострае лязо.

Быў сакавік...

Як чыста і высока

Сінела над азёрнай даллю неба!

Якім ружовым, ціхім і марозным

Было яно на ўсходзе,

дзе ўрачыста,

Нібы на свяце весняга святла,

Пад небасхілам Мілавіцаў нашых,

Здаецца, з нейкай звонкае купелі

Ўставала сонца...

Не, я не жадаў ніколі

Сярод людзей праслыць ідэалістам:

Патрапіўшы на лёд, не ленаваўся

Біць пелькі —

каб удосталь, у ахвоту

Хутчэй нагаварыцца з акунямі,

А потым заарканіць добрай блешняй

Якога гарбыля, а мо і болей...—

Рыбак — усё ж рыбак...

Ды гэтым ранкам,

У гэтай цішы, перад гэтым ззяннем

Зямлі, і сонца, і блакітных высяў,

Што, як адно вялікаснае дзіва,

З трымценнем уваходзіла ў душу

І біла там — і соладка, і з болем,—

У гэты ранак

я адкінуў пешню,

Прысеў на скрынку

і ў нямым здзіўленні

Перад красою шчодрай, непаўторнай

Застыў

і доўга, доўга, бы скаваны,

Пацалавала...

у вочы любае красы...

— Эгей! Не спіш? — мне крыкнуў знедалёку

Мой сябра, мой паплечнік у паходах

Рыбацкіх... Ён ужо стаяў над пелькай,

І каля ног ягоных біўся цяжка

Акунь аб лёд...

Ну, што ж, пара, напэўна,

І мне за пешню і за вуду брацца...

Я выбіў

блізка сітніка

дзве пелькі

І, хукнуўшы на блешню, як вучылі

Калісь мяне ў маленстве дзед і бацька,

Пусціў яе пад лёд —

да дна, дзе ходзяць

Бадзягі паласатыя звычайна,

Шукаючы малька ці чарвячка...

І толькі варухнулася падманка —

Як нешта яе ціха, далікатна

Пагладзіла нібы,

пасля — кальнула,

Бы голкаю,

а потым — ну, няйначай

Пацалавала...

— Э-э, дык тут, брат, цаца...—

Падумаў я.—

Так цвеліцца з ахвярай

Адно гарбыль-асілак. Будзь жа пільны,

Рыбак!..

Ды не паспеў і войкнуць

Я сам сабе, як раптам, неспадзеўкі,

Без стуку, без рыўка, але магутна

Штось захапіла блешню, цісканула,

І вось табе —

абрывак жылкі тонкай

На рукі мае вылецеў з вады...

Эх ты ж, гарбыль...

Ну што цяпер рабіць нам...

Мне —

зноў апраўдвацца перад сябрам

За новую няўдачу,— зноў прыдумваць

Легенду пра цябе: чаму так хутка

Панёс ты блешню лепшую маю;

Табе — баліць,

і я ўяўляю добра,

Як носішся ты зараз вакол пелькі,

Не ведаючы, як сябе пазбавіць

Ад болю... Дык жа слухай, дружа,

Параду,—

(трэба ж мне як-небудзь

Віну сваю загладзіць прад табой),—

Плыві хутчэй

да той вунь чараціны —

Да самай моцнае

у чарацяным лесе;

Патрыся аб сцябло яе губамі,

І, хоць, магчыма, боль агнём апаліць,

Ты не зважай, бо знай — чым больш рашуча

Ты будзеш чараціну сваю тузаць,

Тым і хутчэй расстанешся з бядой,—

Падманка выпадзе,

зрабіў такімі

Я спецыяльна ўсе з латуні блешні —

Без зазубня кручкі на іх паставіў...

Бо горна мне, калі каму баліць...

Плыві ж, мой дружа,

і, калі хоць трохі

Ты дараваць мне сваю крыўду можаш,

То ўсё забудзь, запомні толькі хвілю,

Калі вініўся я перад табой;

Вось гэту хвілю памятай, бо лепей

Па-брацку, па-сяброўску развітацца,

Чым потым сэрцу жалем назаляць...

Так я казаў,—

амаль услых, напэўна,—

Кругляючы па лёдзе, як аслеплы,

Бо зноў мой сябра штось такое крыкнуў...

Маўляў, што здарылася, што з табою, дружа?..

Мо трэба дапамога часам?..—

Гэтак

Здалося мне... І я дастаў з кішэні

Бляшанку, каб другую блешню выбраць

Ды гэтым супакоіць майго сябра...

І ў гэты час заўважыў: штось раптоўна

І хутка адбылося з днём: на сонца

Набеглі доўгія палосы-цені,

Замурзалася на даляглядзе неба,

А на зямлі —

па ледзяной раўніне

Пабеглі язычкі пазёмкі колкай,

Залізваючы крупкай след ураз...

Што ж, дзіва тут няма: хоць і лагодна

Пачаўся сёння дзень сакавіковы,

Ды на прадвесні ўсякае бывае.

Не раз я розныя праявы бачыў

За свой рыбацкі некароткі век.

Было — што, зранку песцячы лагодай,

Пад вечар сакавік, як апантаны,

Так пачынаў марозіць — дых займала;

Было — што, пасля доўгага прыпынку,

Зноў сыпаў снегам, гойсаў завірухай,

Дарогі замятаў, лясы і поле

Па-новаму сумётамі ўпрыгожваў.

Як быццам не вясновы быў ён месяц,

А сын зімы...

Прадвесне... Час няпэўны...

Але заўсёды — кожны гэта скажа —

Такі жаданы, светлы для душы.

Хоць, можа, і якой праявай здзівіць,

Ды сэрца знае: ўсё мінецца хутка,

Зноў пераможа сонца, дні лагоды

Настануць...

Так сабе я думаў,

Калі прыладзіў новую падманку

І пельку прабіваў ля сітнягу.

А воблік дня між тым усё мяняўся:

Ужо на небе спрэс пабеглі хмары,

Лёд пацямнеў, усчаўся сцюжны вецер,

І вось —

нібы сцяна, нібы заслона,

Ударыў снег,

бясконцы, валкі снег...

 

Снег біў і біў —

навокал аж вірыла,

Руку працягнеш — і яе не бачна,

Як ноччу ці ў тумане...

Хоць крычы,

Каб не згубіцца ў белай цемрыні...

І я такі пачаў на самай справе

Крычаць...

— Огой! Ты чуеш? Дзе ты? Адгукніся! —

Паклікаў сябра... Але ён раптоўна

 

Сам вынырнуў з завеі прада мной.

— Ну што? — сказаў, аддыхаўшыся.—

От сюрпрыз!.

Падумаць толькі! Быў пяшчотны ранак,

І так усё напотырч... Што ж, браток, далей?

Мо пачакаем дзесь, пакуль аціхне?

— А між дубоў пакінуты стажок,

Што прамінулі мы, калі па ўзлессі

На лёд выходзілі? Мо ён нас ахавае?..—

Сказаў я, ўзрадаваны, што нарэшце

Нішто не перашкодзіць быць нам разам

І што не трэба будзе снег нагамі

Мясіць, не знаючы, куды ідзеш...

— А што?! І праўда!.. Дык хадзем жа, дружа!

Там і счакаем...—

І, хапіўшы спехам

Усё сваё рыбацкае начынне,

Па свежым цаліку, пад завірухай,

Што вострым шротам

забівала вочы,

Мы рушылі, па памяці, на бераг,

Дзе між дубоў, на грыўцы лугавой,

Нам бачыўся прытулак ад пургі...

І хоць не так і проста было здзейсніць

Сваё жаданне —

хоць нямала ў гурбах

Мы пакружылі, ўзяўшыся за рукі,

Ды ўсё ж нарэшце мокрыя ад пары

І ад завеі, што ляпіла густа,

Мы ўзбіліся на ўзгорак пад дубамі

І там наткнуліся —

не, не маглі наткнуцца,

Мы проста вымацалі

ў снегавых сумётах

Стажок...

Ах, што то быў за момант!

Як быццам пасля доўгае надзеі

На ўратаванне — аж заныла сэрца

Ад радасці...

Пакінулі пад дубам

Мы ўсё начынне (потым хіба знойдзем!),

З цішэйшага, заветранага боку

Ачысцілі куток ад снежнай гурбы,

Адгрэблі ў стозе яму, каб змясціцца

Удвох —

ад душы сказаўшы «дзякуй»

Таму, хто тут стажок гэты паставіў,

Нырнулі ў сена пахкае...

О міг!

Шчаслівы міг!

Змакрэлыя да ніткі,

Да дрыжыкаў прасцюжаныя ветрам,

Адзін да аднаго, нібы ў акопе,

Калі халодзіць душу артналёт,

Прыціснуліся мы і доўга моўчкі

Смакталі цыгарэты ў адчуванні

Той асалоды, што дае спакой

Упэўненасці:

ты тут не адзін.

 

А кудаса між тым усё грымела;

Не цішала, а яшчэ болей злюча

Кацілася, ляцела, скавытала

Лавіна снежная...

Аж хутка нашу схову

Так замяло, што толькі для вачэй,

Каб назіраць, што робіцца вакол,

Маглі мы прабіваць сабе ў сумёце

Адтуліны...

— Як дзіўна створан свет...—

Нарэшце перарваў маўчанне наша

Мой сябра.— Побач з хараством

Паўстане часам гэткае страхоцце,

Што хоць заплач ад суму...

Як гэта?.. Скажы...

Вось і сягоння...

Хто б падумаць мог,

Што ў дзень,

які пачаўся так чароўна,

Без літасці ўварвецца раптам гэты

Раз’юшаны буран...—

Ён зацягнуўся прагна

І доўга цыгарэтаю... Напэўна,

Ізноў даў волю роздуму ці, можа,

Якомусь успаміну... А тады

Спаволена прамовіў...

— У жыцці

Звычайна хочацца забыць здарэнні,

Што здзекам прагучалі для душы...

Ды ўсё ж бываюць хвілі,

калі раптам

Так нешта секане па сэрцы, так паўстане

Ў вачах,

што аж калоціцца ў табе

Ўсё ад пачуцця пяклівага...

Ты знаеш...

Калісьці вось такі, якраз як сёння,

Быў у мяне завейны дзень на фронце...

 

У час начной разведкі боем

Групе штурма

Ўдалося — раптам,

нават нечакана,

Заняць адну найважную з пазіцый —

Пануючую над участкам цэлым

Варожай абароны

вышыню...

І ўдарнай нашай роце,

Над якой

Прыняў камандаванне я ў тым штурме,

Далі загад:

хоць і за кошт жыцця,

А вышыню

да падыходу нашых

Больш моцных сіл —

не здаць назад чужынцам...

Любой цаной...

Любой цаной —

трымацца

На гэтай на патрэбнай вышыні...

Вось так, як сёння, ну, якраз як сёння,

Быў дзень сакавіка... Я помню:

дваццаць пяты.

З высокім небам, нават са смугою

На даляглядзе...

З сіняю хусцінай

Над хмаркай... Мо на ўсе, на ўсе нябёсы

Адной маленькай хмаркай...

Што навек запомніў —

Дык гэта сонца...

Наўкруга

Палала сонца...

Так прамяніста пачынаўся ранак,

Дзень ясны абвяшчаючы сабой...

 

Ты знаеш, і за многа-многа год

Чамусьці не памеркнулі ў душы

Пачуцці бурнай радасці і шчасця,

З якімі я глядзеў, нібы на дзіва,

На снег іскрысты —

Хоць і ў плямах чорных,

Ды нейкі, як святочны...

Свет святла,

Прадвесня свет,

Надзеяй цешыў сэрца...

І верылася ў той чароўны ранак,

Што свету гэтаму няма канца...

 

Але, хоць і збянтэжаны налётам

Начным,

Не мог, вядома, прымірыцца вораг

З балючай стратаю...

І хутка

Пачалося

Тое пекла,

Якое можна толькі асабіста

Пазнаць.

А выказаць у словах

Не дадзена нікому...

Цэлага паўдня

На нас кацілі люта контратакі,

Падтрыманыя шквалам артагню...

 

Ужо ляжалі, скурчаныя ў снезе,

Пад зыркім сонцам,

быццам немаўляты,

Што сціхлі пад матулінай пяшчотай,

Амаль паўроты хлопцаў...

Так прайшло паўдня...

А што было далей —

пра тое ўведаў

Я толькі потым...

Ты, вядома, чуў на фронце,

Як знедужэлы падае снарад?..

Нібыта шэпча ціха

Ён нешта перад тым, як цяжка ўздыбіць

Зямлю

і з громам, з лёскатам, са звонам

Прынесці гібель усяму жывому...

Так было і там...

Пачуў я ў перабежцы да траншэі,

Дзе сціх наш кулямёт,

такі пяшчотны

І палкі шэпт...

 

Ачнуўся ж у шалёнай

І сцюжнай завірусе: бы свінец,

Біў сівер па зямлі, і доўга зразумець

Не мог я —

што ж такое сталася са мной:

Быў прамяністы дзень,

быў бой за вышыню

І раптам — гэта сцюжная пустэча,

Сумёт, з якога ледзьве свет свіціцца,

Шалёны снег, як бізуны цяжкія,

І поле, на якім —

грывастая пурга...

 

Пасля, ужо ў палатцы медсанбата,

Даведаўся я,

што было далей —

Услед за тым, як выбухам снарада

Быў кінуты змярцвела на акоп...

Яшчэ не прыпыняліся атакі...

Яшчэ агнём біў вораг звар’яцела...

І мала ужо ўцалела хлопцаў нашых...

Затым — знянацку наляцела бура,

Усё паблытаўшы, ўвесь засланіўшы свет...

Ды тут прыйшла раптоўна дапамога...—

Аж цэлы наш стралковы батальён

Закончыў бой за тую вышыню...

Ды гэта ўсё уведаў я пасля...

 

А там, тады, пад той навалай сцюжнай,

У нечаканай у завеі той,

Жахлівае пытанне не давала

Агойтацца душы:

Чаму адзін я ў полі?..

Дзе той акоп, куды я бег пад сонцам,

Каб ажывіць замоўклы кулямёт?..

Шукаць, хутчэй шукаць!..

Але пры спробе ўзняцца

З сумёта —

Страшны, востры боль

Працяў плячо... і ногі, як бярвенні,

Зусім мяне не слухалі...

Усё ж

Праз боль я адарваўся нейк ад снега...

Устаць не здолеў — дык папоўз...

Хоць і мяла пурга,

Ды і ў сутонні

ўсё ж нарэшце ўбачыў

Між свежых гурбаў — выпалены дол,

Разрывы чорныя,—

яшчэ іх не паспела

Засыпаць завірухай...

І наноў

Упаў у забыццё...

Знайшлі мяне

Сапёры, што, як толькі пацямнела,

Пайшлі рабіць сваю начную справу —

Паставіць

На «нейтралцы» мінныя заслоны...

І хутка ўжо ў руках сваёй медслужбы

Я быў з іх дапамогай...

Вось нібы і ўсё...

 

 

«Нібы»,— сказаў ён, трохі памаўчаўшы.

Як бачыш — і жывы, і ногі ходзяць,

І не адно вясёлае прадвесне

Спаткаў пад сонцам...

Ды сысці не можа

З душы

цень ад таго сакавіка...

Ад тых варонак, чорных, велічэзных

Паміж снягоў глухіх...

Ты знаеш, дружа...

Хаця і шчасце гэта —

жыць застацца,

А я не раз панаракаў на лёс

За тое, што не даў ён мне з сябрамі

Навек замоўкнуць там, на вышыні...

Знайшоўся чалавек,— адзін знайшоўся! —

Што аб’явіў віной маёй —

чаму я

Ўцалеў у той пякельнай калатні...

Маўляў, «і зампаліт загінуў,

і ад роты

Параненых —

як зернят засталося

У выбітым цапамі каласку,—

А ён — жыве...»

І я, паверыш, дружа,

Скрыплівы голас чую і дагэтуль:

«Чаму?..» «Чаму?..»

У шчасці міру, ў сонцы

Забудзецца нарэшце прыкры голас,

Здаецца, ззяе ўсё ў праменным свеце,

Ды раптам зноў, як нейкі цень,

прарвецца:

«Чаму?..» «Чаму?..»

З балючаю пакутай

Шукаю я тады сабе адказ...

 

Змоўк сябра...

Прагнаю зацяжкай

Глытаў падоўгу дым ад цыгарэты.

Збіваў з травінак пацеркі ад снегу,

Што звонку прабіваўся ў наш бярлог...

І я маўчаў... Я разумеў: не проста

Вось так адкрыць душу...

Няхай і з сябрам,

А ўсё ж не проста

зноў вярэдзіць боль,

Што ўжо ачах, аціх,

Незачапаны

Ніякай скрухаю праз шмат гадоў...

І я, магчыма, толькі б і паціснуў

Яго руку ў знак згоды майго сэрца

З яго настроем...

Калі б раптам сумна

Ён не спытаў:

— Ну, што маўчыш, мой дружа?..—

І гэтае пытанне,

як іскрынка,

Штось узарвала і ў маёй душы...

Бо, покуль сябра вёў апавяданне

Пра свой такі трагічны сакавік,

Не мог пазбавіцца я ні на хвілю

Ад хвалявання, нават ад трывогі:

І мой адзін

далёкі, дзіўны боль

Ачнуўся і прасіў:

«Пусці, пусці!..»

І я, адчуўшы, як патрэбна зараз

Хоць крышачку спагады майму сябру,

Сказаў:

— А ведаеш, калісь са мною

Таксама штось такое адбылося...

Якраз як і ў цябе, ў сакавіку...

— Таксама? — нібы з нейкай асцярогай

Ці з бояззю перапытаў мой сябра...

— Так... сама...

Помню добра — на сканчэнне

Сакавіка

раптоўны снегавей, —

Ці лепш сказаў бы,— бура-шугавея

Аж трое сутак

намятала гурбы

На сцежкі, на траншэі, на дарогі,

На агнявыя рубяжы...

Адкопваць

Даводзілася танкі і гарматы,

Каб вызваліць са снежнага палону;

На пунктах назіральных,

у ахове —

Байцы мо з тою ж самаю павагай,

Што стэрэатрубу ці аўтамат,

Трымалі побач простую лапату —

Як зброю ад завеі...

Вось тады ў мяне

І адбылося сумнае здарэнне,

Якое параўнаў бы я з тваім...

На трэцім дні той самай завірухі

З найважнай весткай

для сваёй спецчасці

Вяртаўся я з задання...

Хоць вандроўку

Цяжэйшую не высніў бы і ў сне,

Але загад «як найхутчэй дабрацца!»

Быў строгі...

І, паверыш, без трывогі

Нырнуў я ў пекла сцюжнае пургі...

Уперадзе было мо больш за трыццаць

Занесеных снягамі кіламетраў,

Ды што заносы, што віхуры злыя,

Калі і дужы ты і малады! —

Ты ж помніш сам,

ніхто з нас не баяўся

Падставіць твар пад буру,—

з небяспекай

Спаткацца вочы ў вочы...

А тым больш

Я верыў,

што калі дайду своечасова

Да штаба, дык, напэўна, не адзін

Мне чалавек руку пацісне...

Вось з такім

Настроем я прайшоў мо з паўдарогі,

Правальваўся ў сумёты, ледзь выцягваў

Са снегавое кашы ногі, задыхаўся

Ад халепы, ды ўсё ж ішоў, ішоў,

З упэўненасцю,

што цяжкое ды благое —

Усё ўжо там, адзаду, за плячмі...

Але ўяві —

Хоць неаднойчы вёрсты

Прамераў я раней па тым маршруце,

Ды ў завірусе недзе ўсё-ткі збіўся

З дарогі...

Бо знянацку ўбачыў,

Што нейкія мясціны пачаліся,

Якіх раней ніколі не страчаў...

Сам разумееш — як зайшлося сэрца,

Калі адчуў, што заблудзіў...

Я кінуўся шукаць

Знаёмы шлях — хоць рэдкія бярозы

Ад колішніх прысадаў... Ды слупы

З парванымі дратамі... Але дзе там!..

Сляды старыя пазаносіла... І мне

Нічога іншага не засталося,

Як толькі паглядаць часцей на компас

Ды верыць шчасцю...

Але тут, браток,

Зрабіў я два жахлівыя адкрыцці:

Адно — што я падбіўся, ўсё цяжэй

Было перастаўляць мне ногі;

а другое —

Што дзень на спадзе, стала ўжо шарэць,

І я адзін, як у пустыні... Ды ў дадатак —

Змакрэлага да ніткі пачало

Мяне, бы ў ліхаманцы, калаціць...

Калі сказаць па праўдзе,

дык, магчыма,

Ад хвалявання ды ад страшнай стомы

Пачаў я траціць мужнасць... Ледзь валокся...

Куды?.. Абы не ўпасці... Не замерзнуць...

І вось тут, браток...

Пачуў я раптам блізка храп каня...

Ты быў у небяспеках, і ты знаеш,

Як настае раптоўнае здранцвенне,

Калі напружанасць спадае...

Так і я...

У мроі аб ратунку, аб збавенні,

Стаў, як змярцвелы... Больш не мог я

Ступіць ні кроку... Я чакаў з’яўлення

Каня...

І ён з’явіўся...

Набліжаўся

Да мяне вазок... І ў ім сядзеў

Знаёмы мне вайсковец... Так, яго я ведаў...

То быў начальнік сувязі

суседняй

Пяхотнай часці на перадавой...

 

— Таварыш падпалкоўнік... —

Я сказаў насустрач...

І ён глядзеў мне ў вочы. Чуў мой голас.—

Таварыш падпалкоўнік... Не пакіньце...

Ісці больш не магу...—

Конь глянуў у мой бок...

А падпалкоўнік... верыш... адвярнуўся...

Нібы не чуў —

не вымавіў ні слова...

Ужо ідуць і побач сані... Ногі млелі...

А вось і праглынае завіруха

Каня...

Усё... Як здань, як летуценне —

Прапаў вазок...

І я падумаў, што на гэтым

І скончыцца мая вайна —

ужо не выйсці

Адсюль...

Ды раптам... раптам, дружа...

Па ўвесь абсяг

ад неба да зямлі —

Праз смутнае завейнае сутонне

Я ўбачыў твар... далёкай, любай маці...

І вочы...

Аж на цэлы, цэлы свет

Бязмежны позірк дарагіх вачэй...

Раўла пурга... Здавалася, яшчэ больш люта

Раўла і гойсала...

Але... але...

Я раптам, як падкінуты, ўсвядоміў,

Што ёсць яшчэ ў мяне выратаванне —

Ісці, ісці хутчэй па следу палазоў!..

І я пайшоў...

Ішоў — хоць дзе і поўз, і падаў,

Ды ад саней вымацваў каляю,

І падымаўся зноў,

і зноў, як у гарачцы,

Змагаўся з бурай, з цемраю...

Пакуль...

Аднекуль не пачуў

зусім глухія

Людскія галасы...

Тады...

Тады на ўсю, што засталася, сілу

Пачаў гукаць...

І помню — падхапілі

Мяне пад рукі, паднялі, панеслі...

І помню — апрытомнеў я ў зямлянцы

У ясны ранак... Біла сонца ў вочы...

І помню — як хадзілі ля мяне

Байцы, артылерысты батарэі,

На агнявы рубеж якой я ўзбіўся...

І як усе дзівіліся яны,

Што здолеў я прайсці праз тую буру

Такую далеч...

 

— Ну, а што пасля?..

Пасля не сустракаў ты тога пеўня? —

Спытаў мой сябра,

калі я закончыў

Апавяданне і, глытнуўшы дыму,

Стараўся супакоіцца...

— Пасля?..

Ці сустракаў, пытаеш?.. А навошта?..

Скажы,

Каб не сягонняшні выпадак —

Хіба ж успомнілі б

мы пра здарэнні нашы?..

Хіба не засланілася ўсё ліха,

Што выпала спазнаць нам калі-небудзь,

Бясконцай дабрынёй людзей, якая

Мільён разоў страчалася ў жыцці?!

— Так... Гэта так... Ды ўсё ж...

Як лёгка часам

Даруем мы...— Мне запярэчыў сябра,—

Як лёгка часам мы даруем жорсткасць...

Бесчалавечнасць нават...

Для чаго?..

Хаця...—

Ён праказаў у роздуме, нібы

Узважваў штосьці...—

Можа, ў тваіх словах

І праўда... Ў векапомным маі,

Калі грымелі залпы Перамогі,

Нат у слязах матуль асірацелых

Не боль людзям свяціўся, а прамень

Вясны вячыстай...

Мо і трэба сэрцу,

Каб яшчэ болей чуйным стаць,—

пазнаць і кроплю

Нялюдскасці ў тым неабсяжным моры

Дабра і радасці,

што людзі твораць разам

Ад нараджэння — для ўсяго, для ўсіх...

Так мы сядзелі, ўзвышаныя чыстым

Пачуццем дружбы, шчырага яднання,

Тым, што заўжды раджае

дзіва-шчодры

Спакой душэўнай светласці...

Калі

Адчулі раптам, што за нашай сховай —

За сценкаю духмянага стажка,

Штось адбылося новае ў прыродзе...

І, не чакаючы, прабілі сыпкі снег,

Каб адсланіць наш берлаг...

Свеце любы!

Што наўкруга адкрылася вачам!..

Хоць яшчэ дзе-нідзе ляцелі грыўкі

Пазёмкі, але ўся зямля так урачыста

Свяцілася празрыстай белізною,

Што ажно сэрца млела...

Ў небе зноў бясконца

Без межаў адкрываўся ўвесь блакіт,

І сонца, недзе блізка пасля поўдня,

Так ярасна праменіла, так ззяла,

Як быццам адчувала вінаватасць

Перад зямлёй за змрочны перапынак,

І зараз

светлыню сваю дарэшты

Імкнулася ёй, дарагой, аддаць...

— Ты бачыш, дружа?! —

Выгукнуў мой сябра.—

Ты бачыш шчасце?!.

— Бачу, дружа, бачу! —

У тон яму я адказаў з уздыхам.—

І слаўлю сэрцам гэты свет чароўны,

І хай і нас ён, непаўторны, блаславіць!..

І мы, як па камандзе безадмоўнай,

Імкліва абняліся перад сонцам...

 

Здаецца, прысягнулі на адданасць

Яму навечна,

аднаму яму...

 

Тады між гурбаў пад высозным дубам

З-пад снегу выграблі сваё начынне...

І хутка зноў спыніліся на лёдзе,

Шукаючы знаёмую мясціну,

Дзе пелькі ў нас былі,

каб іх прабіць нанова

Каля засланых беллю сітнягоў...

 

Ды толькі —

так даверліва і так пяшчотна-шчыра,

Бы адчувала, што і мы з ім разам

Прайшлі святую дзею ачышчэння,

Глядзела на нас возера,

вітала адусюль,

Што, быццам у экстазе невымоўным,

Застылі мы

над роўняддзю прачыстай

І толькі што адно —

як вокліч хвалявання —

Маглі сабе прамовіць слова: «Не!..»

І гэта значыла —

што сёння мы не зможам

Да лёду

нават дакрануцца пешняй.

Хай спачывае яго гладзь пад коўдрай белай,

Хай некранутай сёння застанецца

Ягоная ў мільёнах самацветаў

Здабытая з пакутай чысціня!..

Гарэлі далі...

Сонцамі пад ногі

Плылі снягі...

Засіненае ўзлессе

Запахла цёплай хвояй...

Колькі крокаў —

І будзе выхад з возера —

каля чаўноў збуцвелых,

Дзе так звіняць празрыстыя сняжынкі,

Калі іх на ялінках закранеш...

Усхвалявана —

след у след, нібы алені,

Каб белізны не зачапіць залішне,

Ішлі мы, саграваючы маўчаннем,

Як немаўлятак, радасныя думы

Перад зямною роднаю красой...

І раптам — як заўсёды, неспадзеўкі,

Хоць і жадана...

Раптам па-над намі

Дзесь у вышынях адбылося дзіва:

Дзесь

першы

жаваранак

зазвінеў...

І заспяваў наш снег... І Мілавіцы нашы...

І сэрца

іх пачула галасы...

І мы спыніліся... І я спытаў у сябра:

— Ты мне сказаць дазволіш слова?

Ён адказаў: — Кажы!..

І праз снягі марозныя, праз цішу,

Што запанавала зноў над цаліком,

Як самы ашчасліўлены на свеце,

Я закрычаў на поўны дых грудзей:

— О Мілавіцы! О наш светлы

цуд азёрны!

Прымі паклон

За ўсю тваю святую дабрыню!

Мы пойдзем ад цябе

з яшчэ свяцейшай верай,

Што радасць непагасна на зямлі!

Што ўсюды і ва ўсім —

і ў чалавечых сэрцах,

І ў трапяткой душы

прыроды дарагой,—

Няхай сабе і ў муках, і пакутах,

А вечна будзе нараджацца шчасце,

Як вечна наша

прага да жыцця!..

Звінеў над сонцам жаваранак...

То, здаецца, яшчэ ціха, квола...

А то знянацку —

галасіста, пераможна

Аднекуль голас па*даў з прамянёў...

— Ты чуеш? — запытаў мой сябра.—

Як ён кліча! Чуеш, дружа?

Ідзі за мной. Я пакажу, дзе звоняць яго крылы...

І я з любоўю адказаў:

— Я веру табе, веру, дарагі...

1982


1982

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан