epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Мінскія плошчы

І бураў гром, і звонкі пошчак

Вясёлых песняў маладых

Праз годы чулі Мінска плошчы.

 

Шумеў Кастрычнікам для іх

Сцяг Рэвалюцыі чырвоны,

І маладых байцоў калоны

Па бруку іх ішлі на бой —

Змятаць варожую навалу,

Каб над бацькоўскаю зямлёй

Давеку сонца шчасця ззяла.

 

На камянях і пасягоння

Яшчэ відаць сляды вайны,

Крані іх, здэцца,— і зазвоняць,

І грымнуць выбухам яны.

 

Але баі прайшлі — і гукі

Другія ўзрадавалі ўсіх:

Зноў на заводзе молат грукнуў,

Зноў шум трансмісій ловіць слых,

 

Ляціць вясёлы звон з кацельняў,

І ледзьве толькі днець пачне,—

Зноў чуцен шпаркі шоргат кельмаў,

Растуць дамы — сцяна к сцяне.

 

Ні ўдзень, ні ўноч не ціхне праца.

Мы бачым будучыні дні:

Стаяць над плошчамі палацы,

І іх прыветныя агні

 

Відаць сябрам з акраін новых,

Зусюль — як ззянне хараства.

З гарачых сэрцаў выйдуць словы:

— Наш горад! Ты — сама Масква!

 

І струны ўвесь народ настроіў

На спеў шчаслівы, каб у ім

Жывыя подзвігі герояў

Уславіць гімнам веснавым.

1947


1947

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан