epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Мёд

Ну-ка, ляціце вы,

Пчолкі, ў палёт,

Поле наведайце,

Луг, агарод,

Кветкі лясныя

І краскі балот,—

Самы салодкі

Збярыце там мёд!

 

Ну-ка, ляціце вы,

Пчолкі, хутчэй,

Трэба мядок нам

Для нашых дзяцей,

Трэба мядок

Для радзін, для гасцей,

Каб у нас людзі

Бывалі часцей.

 

Трэба мядок

І для самых старых,

А яшчэ болей —

Для ўсіх маладых

(Сын мой, скажу я вам,

Зараз жаніх),

Трэба мядок

На вяселлі для іх.

 

Трэба мядок

Для ўсіх сэрцаў, што тут

Так упрыгожылі

Бацькаўскі кут,

Глянеш на поле —

Не поле, а цуд:

Нават адвечны

Ажыў у нас груд!

 

Ну-ка, ляціце вы,

Пчолкі, ў палёт,

Хай напаўняюцца

Скрыначкі сот,

Хай напаўняюцца

Скрыначкі сот,

Каб гаварылі

Вяскоўцы ўвесь год:

— Ах жа і пчолы!

— Ах, пчалавод!

Дзякуй вам шчыра

За гэтакі мёд!..

1956


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан