epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Міша

Зацерушыў на ранку

Зямельку белы снег.

Чые на ім слядочкі?

Хто тут у лес пабег?

 

Стаіць з пытаннем мама.

Але маўчыць зіма.

Ды глянуў

тата ў хату —

А Мішы і няма.

 

«От сын, от непаседа!» —

Хвалююцца бацькі.

А Міша цягне з лесу

З арэшыны цапкі.

 

— Ты што, сынок, прыдумаў?

Навошта гэта ўсё?

— А я зраблю,—

ён кажа,—

Кармушку для ласёў.

 

І як засыпле снегам

Усе куткі дуброў,

Я накармлю з кармушкі

Сваіх лясных сяброў.

 

— Ну, што ж,— бацькі сказалі,—

Ну, што ж, сынок, нясі...

Зрабі сваю кармушку —

Падзякуюць ласі...

 

1978


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан