epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Мне б адно толькі слова...

Мне б адно толькі слова

Для песні маёй непрапетай —

Такое, якія раджаліся

Ў ленінскай светлай душы,—

І ні громы, ні буры

Яе не спынілі б над светам,

І агню яе плыннага

Ў свеце б ніхто не стушыў.

 

Мне б адзін толькі позірк —

Жыццё дарагое акінуць —

Позірк ясны, імклівы,

Як з мудрых вачэй Ільіча,—

І абняў бы я ўсё:

І сваю залатую айчыну,

І планеты, і сонца,

І сполах камет па начах...

 

Мне б адна толькі ўсмешка

Для сэрца майго маладога —

Такая, якой правадыр

Падымаў чалавецтва ў паход,—

І прыйшла б мая радасць

Да кожнага ў свеце парога,

Растапіла б усюды

Халоднай суровасці лёд!

 

Мне б адзін толькі век...

Не, не век, мне і веку замала,

Каб апець сваю любасць

Да шчасця майго — да жыцця,

Што мяне нарадзіла

І ўзгадавала

І дало мне расінку

З мора ленінскага пачуцця...

1955


1955

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан