epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Мой сын, мой сын, ты ў свет далёкі..."

Мой сын, мой сын, ты ў свет далёкі

Паехаў раптам без мяне.

І я, як востраў адзінокі,

Стаю,

хоць рукі на стырне.

 

І я прашу вятры і зоры

Цябе вярнуць на бераг мой.

Вярнуць такім жа ўсё бадзёрым,

Хоць з буры вырваўшы самой.

Але павер: у грозных дзеях

Я не хачу цябе стрымаць,

Бо сам жа ведаеш:

цябе я

Любіў і песціў нездарма.


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан