epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Мора

Прастора — вокам не акінеш.

Як стэпаў гоман — подых вод.

І ў даляглядзе сінім-сінім —

Блакітнай кропкай параход.

 

Што за краса!

Тут можа здацца,

Што свет — прытулак сноў і мар.

Душа, бы ветразь, будзе гнацца

За вольным ветрам аж да хмар.

 

Але пачуўся голас: «Вораг»...

Сігнал паклікаў: «Да гармат!»

І закіпела гнеўна мора,

І знік за дымам далягляд.

 

Ад грому крышацца каменні,

Цямнее дно. І бачыш ты,

Як хвалі топяць з абурэннем

Варожых сцягаў ласкуты.

1944


1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан