epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Мы не бронзавыя, мы не вечныя..."

Мы не бронзавыя, мы не вечныя,

Мы з гаручых касцей і крыві.

Хай жа дзень твой

праменіць сардэчна

Незгасальнаю прагай: «Жыві!»

Пасылаю табе росы чыстыя

І світанкавую цішыню.

Пасылаю лятунак вячысты

Кліч буслянкі

насустрач дню.

Пасылаю духмяную мяту

І заранкі, ды з неба ўсяго.

Пасылаю ветразь напяты

Дум,

дзе смутку шугае агонь.

Пасылаю рамонкі з поля,

Сіні сон, што прысніўся лясам...

Толькі гору ніколі —

ніколі! —

Да цябе дакрануцца не дам!

 

Мы не бронзавыя, мы не вечныя,

Мы з гаручых касцей і крыві.

Пасылаю навек

чалавечнасць

З незгасальнаю прагай: «Жыві!»

Пасылаю вясны сваёй дужасць,

Сваю сталасць у ціхай журбе...

Ты ж прышлі мне... няхай хоць і сцюжу,

Толькі з сонцам, што ёсць у табе...

 

1968


1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан