epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Мы па садзе ідзём

Калі песні звіняць пра сустрэчу з вясной

Майскім радасным днём,

Адхінаючы пахкія кветкі рукой,

Мы з табою па садзе ідзём.

 

Па сцяжынцы ідзём, як калісьці раней,

Калі дрэўцы саджалі ў рады,

І так люба сягоння, так радасна мне,

Што ты поплеч са мной назаўжды.

 

Сад наш бурна расцвіў, і, як сад, расцвіло

Залатое ў сяброўстве жыццё.

Непатрэбна ўрачыстых шукаць табе слоў.

Каб сказаць пра сваё пачуццё.

 

Словы просяцца самі. Сяброўка, спявай,

Хай уведае сонечны свет,

Як нам дораг у росквіце радасны май,

Як я ласкай тваёю сагрэт.

 

Мы ўлюбёныя сэрцамі ў мір і спакой,

Мы шчаслівыя сённяшнім днём.

Адхінаючы пахкія кветкі рукой,

Мы з табою па садзе ідзём.

1953


1953

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан