epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Мы скора прыйдзем..."

Мы скора прыйдзем

з песнямі дадому.

З дарог вайны

У хату прынясём

Жывое рэха ўшчуненага грому

І сэрцы, гартаваныя агнём.

 

За намі ўслед, як выраі з-за мора,

У край бацькоўскі вернуцца навек

Зямлі — вясна,

Начным дарогам — зоры,

Світанням — росы,

Воля — хвалям рэк.

 

Мы толькі вам, удовы і сіроты,

Не вернем сэрцаў самых дарагіх.

Яны згарэлі

ў ростанях палёту

Для вас,

Для нас,

Для ўсіх,

Для ўсіх жывых.

 

Ну што ж, не сорам, родныя, паплачце.

Але глядзіце —

Як гарыць здаля,

Як тому мараку, што ўстаў на мачце,

У сонцы,

У красе

Гарыць

Зямля!

1944


1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан