epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Мы вяртаемся таму..."

Мы вяртаемся таму,

што нас праводзяць

Вочы мілых,

губы іх і любы смех.

І праменні,

што пяюць гарністамі на ўсходзе

Аб трывожнай радасці

ля родных стрэх.

Мы вяртаемся,—

і ў гэтым ты і ёсць,

Айчына:

Напачатку матчына пяшчотная рука,

Потым соль слязы

адной навек жанчыны,

А пасля — блакіт,

што шле з вачэй дачка.

А яшчэ пасля —

ў запалавелым жыце

Ціхі бор, дарожка,

моху сівізна

І грудок зямлі

ў зялёным аксаміце,

А над ім —

кражыстая сасна...

Мы вяртаемся,

мы ўсе вяртаемся,

Пакуль вочы бачаць сіні краю дым.

І шчаслівыя,

калі, вярнуўшыся, рукаемся

З клейкай смолкаю

Ці з вербным коцікам рудым...

 

1967


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан