epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

На Краснай плошчы

Цішэй! — тут Ленін спіць.

Спыніце крокі.

Няхай нястомны геній адпачне.

Няспынна,

шляхам ясным і шырокім

Ён вёў народы к сонцу і вясне.

 

Цішэй! Ён спіць.

Але мы добра знаем:

Ільіч жыццё вітае і праз сон.

Ён рады, што ніколі не сціхае

Магутны гул у поступе калон.

 

Ён рады тым, што кожнаю хвілінай —

Ці працаваў, ці адпачыць прылёг,—

Жыццё заўсёды з ім —

уся Айчына,

Уся планета, вёрсты ўсіх дарог.

 

Не месца сярод нас трывожнай скрусе,

Я любы воблік сэрцам абдыму...

Мы сёння зноў прыйшлі ад Беларусі,

Каб пакланіцца, роднаму, яму.

 

Маскоўскі токар. Друг баец з Карэі

І польскі будаўнік.

Адной сям’ёй

Праходзім мы усе ля Маўзалея,

Гатовыя на працу і на бой.

 

Дзе ступіць крок наш,—

шчасце ў вочы гляне,

Спеў зазвініць вясёлы, малады.

Бо мы — жыццё. Бо мудры Ленін з намі.

На ўсе вякі —

усюды і заўжды!

1951


1951

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан