epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

На адплату

У начной цішыні заспяваў матор,

Клічам бою ўзляцеў да зор.

 

Ярка-белай ракеты пушысты хвост

Шлях адзначыў — ляці напрост.

 

І ўзвінулася ў неба крылатая сталь

І — наперад! — у даль, у даль.

 

Многа ўнізе пакінута рэк, далін.

І нарэшце —

вось ён, Берлін!..

 

Узіраецца штурман у рыскі шкал,

На гашэтцы застыгла рука.

 

Час! —

І жоўтых агнёў пункцір

Забурліў на зямлі, як вір.

 

Міг —

І выбухаў грозны ўзлёт

Страсянуў цішыню высот.

 

А як ранак расою апаў на траве,

Ён крыламі ўзмахнуў Маскве.

 

На чырвоную зорку глядзеў народ

І вітаў:

— З добрым днём, пілот!

1942


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан