epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

На бярозе

Галасіла ўсю ноч за Бярозай жаўна.

Хто пакрыўдзіў маленькую?

Толькі не мы.

Мы маўкліва сядзелі на хісткіх чаўнах

І чакалі сігналу, як знаку нямы.

 

Мы з трывогай чакалі хвіліны, калі

Забываецца ўсё, што ты знаў і шукаў,

І салдат падымаецца з чорнай зямлі,

Каб сказаць сваё слова ударам штыка.

 

І хвіліна настала. Аглухнуў прастор

Ад гарматнага грому.

— Наперад, стралкі!

Паімчаліся тысячы ранішніх зор

Быстрым чоўнам насустрач па роўні ракі.

 

Вось ён, бераг жаданы. Мы ўсталі без слоў.

Хто атакі чакаў — без яе не ўжыве.

Мы ішлі ў поўны рост, хоць пад ботамі кроў

Ручаінай шумела у роснай траве.

 

Аж да поўдня ішоў за Бярозаю бой.

Ды, нарэшце, вярнулася ціша к чаўнам.

І тады мы пачулі,

як дзесь над вярбой

Залілася вясёлаю песняй жаўна.

1944


1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан