epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

На дачы

Лірыка-сатырыка

Я стрэльбу ўзяў у рукі,

На варце я стаю.

Ліпнёвай ночы гукі

Пякуць душу маю.

Ах, не зарніцаў сполахі,

Не бліскавічны гром,

А стоеныя шолахі

Пякуць мяне агнём!

 

Нядаўна меў я ўдачу —

Ад шчасця год не піў! —

Нядаўна сходна дачу

Я ў жуліка купіў.

Усё ў ёй шчодра, планава —

І сад, і агарод;

Ды ёсць адна загана:

Завельмі нізкі плот.

 

Хто ні захоча толькі —

Яго перасігне.

А тут даспела колькі

Клубніц ужо ў мяне.

А колькі вішняў спее,

А яблыкаў, а бэр!

Таму і сэрца млее.

Таму й не сплю цяпер.

 

Я стрэльбу ўзяў у рукі.

На варце я стаю.

Ліпнёвай ночы гукі

Пякуць душу маю.

Ах, не зарніцаў сполахі,

Не бліскавічны гром,

А стоеныя шолахі

Пякуць мяне агнём!

 

Вунь што за дзіўны смех там?

А што за шэпт такі?

Мо ўжо на градах нехта?

Мо ломіць хто замкі?

Мо хлапчукі ў ранеты

Залезлі — трушчаць сад?

Эх, праўда, дзе ты, дзе ты —

Эх, мне б тут аўтамат!

 

Стаю і, каб не чулі,

Шапчу: «Бяда, бяда...

Ах, каб ты спрахнуў, жулік,

Што дачу мне прадаў.

Украўшы ўсё на дачу,

Няўжо ты, абармот,

Не мог яшчэ ў прыдачу

Украсці й добры плот?!»

 

Тады б я спаў, упэўнены,

Што цэла ўсё дабро.

А так — вартуй да пеўняў

Ды рві сваё нутро.

Не спі, цягай камплекцыю,

Глядзі угору, ўніз...

А заўтра ж мне йшчэ лекцыю

Чытаць пра камунізм!..

1960


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан