epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"На досвітку выткаў мароз..."

На досвітку выткаў мароз

На шыбе ўрачыстыя ўзоры.

Здавалася, лісце бяроз

Звініць па-над сінню азёраў,

 

Цвітуць на прасторах раўнін

Сцюдзёныя белыя кветкі.

І новых палацаў агні

Кідаюць святло на палеткі.

 

Праз гэтыя дзівы глядзець

Так сумна было на руіны,

Дзе вецер трубіў, як у медзь,

І ў мёрзлыя бухаў цагліны.

 

І тварам да сонца я стаў,

Што ціха ўзнялося з-за бору.

— Будзь сведкай,— яму я сказаў,

Я зноў адбудую свой горад!

1945


1945

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.