epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

На камсамольскім участку

На камсамольскім участку

Не ціхне руплівая праца.

Там пілы звіняць, там сякеры

Спрачаюцца: хто з іх тут лепей...

Спяшаюцца хлопцы. Не дзіва.

Ці ж могуць яны не спяшацца,

Калі перад імі зямлянка,

Дзе змрок вочы сіратам слепіць.

 

А сіраты тыя — героя,

Што мужным загінуў салдатам.

Не могуць сябры-камсамольцы

Не даць ім прытулку і ласкі.

У кожнага ў думках: такую

Зрабіць ім цудоўную хату,

Каб помнілі дзеці маленства,

Нібыта чароўную казку.

 

І вось ужо ўстаўлены вокны,

І новыя рыпнулі дзверы.

Салдатка ўваходзіць у хату

І шчыра, гаротная, плача.

А дзеці пасталі нясмела:

Якая прастора! — не вераць —

Няўжо гэта ім збудавана?..

То сны іх збыліся — няйначай!

 

Але не прайшло і хвіліны,

Як з шумам і радасным смехам

За сонечным зайчыкам дзеці

Ганяліся гуртам...

З-за шыбы

Усіх клікалі ў хату, і рэха

Такое ж, як іхняя радасць,

І звонкае і маладое,

Ляцела па родных сялібах...

1947


1947

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан