epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

На касавіцы

Касец размахнуўся і гахнуў касой

Па роснай мурожнай балонцы

І дужай рукою адкінуў з травой

Мільёны палаючых сонцаў.

 

Пракос задыміўся, як быццам гарэў.

Дубы аж прыселі ад дзіва:

— Ратуйце! Пажар! —

і пад вокліч іх з дрэў

Пасыпаўся дождж зіхатліва.

 

Ды толькі

касец развінуўся ізноў,

І ўпалі ізноў пад касою

Высокія травы мурожных лугоў,

Абмытыя чыстай расою.

 

Палалі, зіхцелі ў пракосах агні,

Пад сонцам дыміліся пожні,

Пакуль не звалілася на карані

Трава пад узмахам апошнім.

1948


1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан