epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

На нашых вачах

І навалы варожыя, цяжка-грымотныя,

Ад якіх і цяпер яшчэ боль не ачах,

І світанні ўрачыстыя —

радасці ўзлётныя,

Перамогі народныя, беспаваротныя,

Кроў змагання і слёзы сустрэч на мячах,—

Гэта ўсё было, дружа,

На нашых вачах.

 

На нашых вачах,—

І таму яны грозна-пякучыя,

На нашых вачах,—

І таму яны шчырыя ў нас,—

Уздымаліся хвалі

Народнага гневу грымучыя,

Глыбачэлі крыніцы

Людскога братэрства гаючыя,

І для буйнага ўздыму — на велічны час —

Загарэўся прамень, што і ў бурах не згас.

 

Той прамень — светач волі і шчасця высокага,

І на нашых вачах

Азараў нашы дні,

І на нашых вачах

Праўдай веку нялёгкага

Да куточка да самага ў свеце далёкага

Дасягаў, каб ці зблізку, ці ўдалечыні

Кожны ўбачыў суровага шчасця агні.

 

Як сімфонію ніў і рабочага молата,

Мы для гэтага шчасця прыносім свой спеў.

Край наш родны,

Ты ў свеце багаты не золатам,

А сынамі, што ўсталі ў змаганні, як волаты,

Прагай сэрцаў, дзе велічы колас даспеў,

Дзе лятунак наш сонечны зазіхацеў.

 

Край савецкі, зямля беларуская мужная,

Прад усімі мы ўсе

Ганарымся табой!

Пасля цёмных навал

Ты стаіш непарушная,

З дарагімі братамі-народамі дружная,

Гераіня пачэсная ў працы любой,

Партызанка,

заўсёды гатовая ў бой.

 

Пакаленне байцоў, мы зрабілі нямалае:

Мы агонь збераглі, што нам Ленін прынёс.

А яшчэ ж у нас будучыня ёсць небывалая —

Яшчэ ўспыхне наўсцяж мора яснае, алае,

І на нашых вачах

Свет маркоты і слёз

Назаўсёды здабудзе

Прыгожы свой лёс!

1958


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан