epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

На полі бяссмерця

Не паклаў нават ранца ў голаў,

Не ацёр і крывавага поту,

Злёг навекі на ўзмежку голым

Баец пяхоты.

 

Дагараюць чужынцаў танкі,

Бой на захадзе ўжо далёка.

На загоны сышла заранка

Нячутным крокам,

 

Падымае, цалуе травы,

Што зламаны нагой варожай.

І ўжо вецер вясны ласкавы

Запеў над Сожам

 

Пра бяссмерце байца пяхоты.

А юнак ўсё сціскае зброю,

Быццам сніць, што ізноў камроты

Гукнуў да бою.

 

Рукі прагнуць падняць гранату...

Ловіць слых гром гарматны рэдкі...

Спаў салдат. З-пад крыві салдата

Прарасталі кветкі.

1945


1945

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан