epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

На радзіме

Ляцелі ў сінім небе журавы

Над папялішчамі, над паплавамі,

Над чыстым полем, па-над цёмным лесам

Ляцелі, каб азёры разбудзіць.

 

А мы з баямі рушылі дахаты,

Ішлі, глядзелі: жураўлі ляцяць,

І хтось з байцоў, жартуючы, сказаў,

Што жураўліны лёс і нам дастаўся.

 

Як пахла поле! Гэткі пах ніколі

Не сніўся хлопцам. І вясны такой,—

Здалося нам,— яшчэ ніхто не бачыў,

І мы яе запомнілі навек.

 

Варочаліся ў родны край салдаты,

Паэты, спевакі і рыбакі,

Будаўнікі палацаў, земляробы...

Зямлі-пакутніцы няслі жыццё.

 

Мы кланяліся дрэвам прыдарожным.

«Вітанне, клёны!» — кожны прашаптаў.

І дзень і ноч звінела ў полі зброя,

Было нялёгка нам ісці дамоў.

Але нішто нас не спыніла ў бойцы,

Нішто не запалохала салдата.

Бо перад кожным быў бацькоўскі дом,

А маткі клікалі:

— Хутчэй, сыны!

 

Так, гэта ўсё было.

У сінім небе

Ляцеў над намі жураўліны клін.

І пахла поле леташнім чаборам,

І залівала сонца родны край.

1944


1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан