epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

На ускраі бору

На ўскраі бору стань між соснаў,

Дзе аж у лес бягуць жыты,—

Які бясконцы спеў дзівосны

У тым кутку пачуеш ты!

 

Як быццам граюць сто аркестраў,

Спяваюць сотні галасоў,—

Шырока так

выводзіць лес там

Кантату дрэў і каласоў.

 

У той кантаце хор і сола —

Высока радасць устае...

Але пачуць той спеў вясёлы

Адно ўлюбёным

лёс дае.

 

Так, толькі шчырым сэрцам можна

Пачуць яго пад сонцам дня,—

Бо ён ад любасці народжаны,

Дзе радасць,

дзе парыў трывожны,

Дзе творыць роздум цішыня.

 

Але калі ўжо хто пачуе

Спеў той,—

дык праз усё жыццё,

Дзе б ані быў,— яму вяшчуе

Святога шчасця пачуццё.

 

І нават сярод дыму,

грому,

У чорным полымі вайны,—

Ратуе сэрца голас дому,

Спеў любы роднай стараны.

 

1977


1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан