epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

На варце міру

З маленства свайго закаханы

У свет неабсяжны яны,

З маленства іх шчырыя сэрцы

Прывыклі да ласкі вясны,

З маленства іх працы вучыла

Бацькоўская старана,

З маленства ім ненавісны

Крыўда, боль і вайна.

 

Але, можа, з самай калыскі

Ведаюць добра яны,

Што яшчэ ёсць на планеце

Падпальшчыкі чорнай вайны.

Нам чутна: зноў бразгае зброяй

Які-небудзь Гітлер ліхі,—

І вось чаму да вінтовак

Байцы прывінцілі штыхі.

 

Дала ім Радзіма зброю,

Каб мірны ахоўвалі дом,

Каб не парушыў міру

Драпежны ваенны гром,

Каб ведалі ўсе народы,

Што ў іх назаўсёды ёсць

Жыцця і красы абаронца —

Савецкая маладосць!

1951


1951

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан