epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

На землетрасенне ў Банья-Лука

Гарады — як маленькія дзеці

На грудзях у зямлі-матухны.

Адны — паслухмяныя,

Другія — неслухі,

Адны — працавітыя,

Другія — лежані,

Адны — славяць цішыню неба,

Другія — твораць няспынны гул...

Я магу зразумець,

Чаму часам гневаецца зямля.

Я магу зразумець,

Чаму ёй часам хочацца

павярнуцца набок.

Я сам ужо немалады

І сам стомлены.

Але я не зразумею ніколі — чаму,

Чаму часам зямля скідае

са сваіх грудзей

Не самых тых,

Што не даюць ёй спакою і сну,

Не самых тых,

Што гатовы забыць пра сыноўні лёс,

А тых ціхіх,

Што ўлюбёны ў сінія небасхілы,

Што радуюцца на яе грудзях,

Як зыркія немаўляты...

Няўжо і ты, зямля-матухна,

Бываеш несправядлівай?..

 

Лістапад 1969,

Нью-Йорк


1969?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан