epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Над Сажом

Лес — ні канца няма, ні краю.

Гукнеш — і ўжо аж за Сажом

Твой кліч, мацнеючы, крыляе

Над зелянінаю ля стром.

 

І праз хвіліну звонкі-звонкі

Ляціць адказ адтуль, здаля.

І шышка першая з сасонкі

Спадзе.— Прымі мой дар, зямля!

 

Бярозы белыя і хвоі,

Дубы і клёны — без канца.

Здаецца песняй веснавою

Іх шум пад гонямі сіўца.

 

Лес! Ён вырастаў у навальніцы.

І мо таму тут кожны ствол

Як бы абпален бліскавіцай,

Карэннем моцна ўпіўся ў дол.

 

Шуміць ён шумам несціханым,

І ў шуме радасным чуваць,

Што мы залечым нашы раны

І праз вякі нам красаваць.

 

Няма зялёным далям краю.

Гукнеш — і дзесь па-за Сажом

Твой кліч, мацнеючы, крыляе

Вясёлым рэхам каля стром.

1947


1947

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан