epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Над берагам, над самай кручай..."

Над берагам, над самай кручай,

Каліна чырванню гарыць.

З усіх бакоў сюды пявуча

Ляцяць вятры пагаварыць.

 

Адзін прыносіць вестку з краю,

Другі — з падвоблачных дарог.

І кожны вецер нешта мае,

Каб не заснуў палёў разлог.

 

Але заўжды гамонку спыняць,

Як прыйдзе стомлена сюды

Матуля, скажа: «Спіш, мой сыне?

Спі...» — і заплача ля вады.


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан