epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Над планетай

Адгучалі прамовы,

Адспявалі аркестры старанна,

І слязу развітання

з вачэй я ў каханай ацёр...

І вось загрымелі турбіны,

І на крыллях урана,

Нібы той метэор,

Я ўзвіхрыўся ў бязмежны прастор.

 

Аж гудзе вышыня.

Заціхае зямлі прыцяжэнне.

Несутрымнай вясёлкай

Ракета імчыць і імчыць.

Вось і спраўджаны мары.

А што ж у душы засмучэнне?

Не ўрачыстасць, не песня,

А горнасць у сэрцы гучыць?

 

Я не думаў тады,

Як сваю наладкоўваў машыну,

Аб звароце сваім —

Ці мне ўдасца вярнуцца назад...

А цяпер

Не пазбыцца трывогі:

Ці будзе такая хвіліна —

Каб з тых высяў сысці

Да палёў сваіх родных і хат?

 

Я лячу над Зямлёю

І прагна ўглядаюся з высяў,

Бачу ўсё прад сабой:

І свой Мінск, і сваю Беларусь.

Бачу гмахі і пушчы,

Што вольна наўсцяж разлягліся,

Бачу тыя крыніцы,

Дзе рэкі пачатак бяруць.

 

Бачу тыя шляхі,

Што сягоння шумяць зелянінай,

Дзе ў цяжкія часіны

За Радзіму выходзіў у бой,

Бачу нівы свае

І на іх — веснавыя сцяжыны,

Дзе мы столькі гадоў,

Дарагая, хадзілі з табой.

 

Там, на нашай зямлі,

Захаваць мне любоў некранутай,

І сардэчна, і проста

Жыцця свайго песню дапець...

Я лячу ад Зямлі,

Я нічым не парушыў маршрута,

Але радыёграмай

Крычу:

— Не магу больш ляцець!

 

І якое ж мне шчасце!

Мяне на Зямлі маёй шчырай

Зразумелі — і радыё

Мой даганяе палёт:

— Не хвалюйся, ты сёння

Уладарыш бязмежнаю шырай,

Не хвалюйся, будзь смелы,

Шчаслівы твой будзе зварот!

 

І хусцінкаю ты

Каля вішні махаеш мне, бачу,

І ўсміхаешся ветла,

І шэпчаш — чуваць і здаля:

— Не хвалюйся, мой любы,

Глядзі, я спакойна, не плачу,

Веру: вернешся ты,

Я з табой, як і наша Зямля!..

 

І калі гэта так,—

Палячу я над хвалямі века...

І калі гэта так —

І на Месяц гатоў, і на Марс!..

Дасягну усяго —

Толькі б быць, толькі б быць чалавекам,

Жыць з табою заўжды —

На Зямлі, на Радзіме — у нас!

1957


1957

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан