epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Над ракою

Высокія хвоі

Над быстрай ракою

Гутораць з сястрою —

Пявучай сасною.

 

Пра дні ды пра ночы,

Пра сонца і зоры,

Чым быць хто з іх хоча,

Чым звацца,— гутораць.

 

Густыя кароны

У росах ільсняцца.

— Пара нам з загонаў

У свет падавацца.

 

— Мне ў хаце б стаць рамай,—

Сасна прамаўляе,—

Ці бэлькай,— таксама

На месцы б была я.

 

Ці дошкай на столі,

Ці белай паліцай,

Каб пахла там полем,

Травой і жывіцай,

 

Каб пахла вясновай

Духмянасцю долаў

І гоман дубровы

Чуваўся вясёлы.

 

— А нам бы,— на строме

Хвалююцца хвоі,—

У новым тым доме

Нам быць бы сцяною.

 

Мы сплецены з жылаў,

Мы з моцнага роду,

Зямля нас расціла

На доўгія годы.

 

Ні ліўні з вятрамі,

Ні снег — нам не дзіва.

Стаялі б вякамі

Мы ў долі шчаслівай.

 

А збоч б’е лістотай

Дуб, зведаўшы буры,

І кажа: — З ахвотай

Я лёг бы ў падмурак.

 

Ці стаў бы я новым

Сталом сярод хаты,

Каб з ласкавым словам

Мне б людзі багаты

 

Свой скарб уручалі,

Вяселлі гулялі,

Гасцей частавалі,

Дзяцей гадавалі.

 

Так думаюць дрэвы,

Шумяць верхавіннем,

А вецер іх спевы

Нясе па краіне.

 

І ўчуў тыя мары

Юнак клапатлівы,

Прыйшоў праз абшары

У бор гаманлівы.

 

Для хат і для клецяў,

Для клубаў прасторных

Прыйшоў ён прыкмеціць

Найлепшых тут бёрнаў.

 

Стаіць на прылессі

І выбраць не можа:

Што дрэва — то песня,

Асілак прыгожы.

 

І кажа ён стромым

Хваінам і дубу:

— Мне сум ваш вядомы,

І ўсе вы мне любы,

 

І ўсім вам дарогу

Я даць не забуду,

Каб радасці многа

Прынеслі вы люду.

1948


1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан