epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Над светам

Над светам, над светам —

Бясконцыя ясныя дні.

Над морамі кветак

Плыве акіян цішыні.

 

Для свету, для свету —

І песні,

і смех,

і любоў.

І маршал з паэтам

Пускаюць у свет галубоў.

 

У сэрцах гарачых —

Ні страху даўно, ні жалоб.

І хутка не ўбачыш

Ніякіх на свеце хвароб.

 

Жыві сабе смела,

Красуйся і слаўся праз век,

Разумны, і ўмелы,

І мужны мой друг-чалавек.

 

Будзь добрым, прыгожым!..

А ён у сумненні стаіць:

— Няўжо гэта можа,

Няўжо гэта можа ўсё быць?

 

Няўжо так магчыма,

Каб зніклі ўсе жахі вайны?

Няўжо за плячыма

Крадком зноў не ўстануць яны?

 

Няўжо гэта можна,

Каб людзі ўсіх колераў, рас

Жылі бестрывожна

І працаю славілі час?..

 

Іду з чалавекам...

Маршчыністы, стомлены твар...

Твар гэты спрадвеку

Нёс гневу і смутку цяжар.

 

А вецер напасцяў

Не раз над ім скрухай імжыў...

Даўно сабе шчасце

Жыццём чалавек заслужыў!

 

І нельга стрымацца,

Не крыкнуць: — Ты вер, чалавек!

Таму, што змагацца

За сонца мы ўмелі праз век,

 

Таму, што мы людзі,

Што шлях да сяброўства знайшлі

Таму гэта й будзе —

Жыццё без жуды на зямлі!

 

Табе назаўсёды,

Табе, чалавек,— не каму! —

І сілай валодаць,

І мір даць жыццю усяму!..

 

Над светам, над светам

Праменнямі сыпле вясна.

Вялікім дэкрэтам

Навечна

праклята вайна.

 

Супольнасць і згода

У справах людзей і краёў...

Так бачаць народы

Бясхмарнае заўтра сваё!..

 

1962


1962

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан