epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Над верасамі

Над верасамі, над верасамі,

Там, дзе нядаўна

з грымот выкрасалі

Хмары агні бліскавіц,—

Над верасамі, над верасамі,

З ціхімі восеньскімі галасамі,

Ноч апускаецца ніц.

Ясныя зоры, верасня зоры

Сталі як быццам гусцей і вышэй.

Над верасамі, над верасамі

Ноч

Абдымае зямныя прасторы,

Кажа ім з ласкай:

— Цішэй!..

— Чуеце? —

Ноч іх пытае ўстрывожана.—

Падае першы з бярозы лісток!..

Чуеце?..

Што гэта?..

Чым ён зняможаны?..

Ці ліхадзействам чыім заварожаны?

Што з ім?

Скажы,

Верасовы куток!..

Далі маўчаць —

у здзіўленні і самі.

Зоры мігцяць — бы не чуюць зямлі.

Толькі аднекуль здалёку

часамі

Над верасамі, над верасамі

Хтось залатымі ўзмахне паясамі —

Быццам зарніцы ўсплылі.

Ноч без адказу хвалюецца горна.

Душна... Ды ночы дзесь чуецца лёд...

А верасы —

і пад цемрай нязморана

Пахнуць, пахнуць,

Бурна і спорна

Пчолам апошні рыхтуючы мёд!..

 

1964


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан