epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Надзея (Паэма)

Я прачнуўся ў ноч.

Я не мог заснуць...

Нейчы голас гразіў мне здалёк...

— Можа, не мне?..—

Завошта?.. Завошта гразіць мне?... Нашто?..

Не хацелася верыць...

— Табе!..—

Разбалелае засведчыла сэрца.—

Чуеш?!

Вось ён!..

Прыслухайся!..—

Голас пагрозны

Бэсціць народа твайго Перамогу...

Ганьбіць пралітую кроў

І пакуты людскія

І нават над помнікам жа*льбы —

Брацкай магілай мільёнаў —

Шалее ў нянавісці...

А хіба ж не ты

Шчыра аддаў Ёй юнацтва сваё,

Дні маладыя у вогнішчы кідаў,

Кроўкай захліпваўся,

Браў на душу

Ліхалецці, цяжа*ры нягод

І нават з жыццём

Быў гатовы ахвярна расстацца,—

Толькі б у край твой і свет увесь цэлы

З радаснай той Перамогай

Навечна

Сонца і мірныя ліўні

прыйшлі на загоны,

Рунь у праменнях кусцілася,

Светла ўставалі сады,

Людзі сябрамі заходзілі

ў дом твой гасцінны,

І сыце было на стале...

Але чуеш?..

Вось ён!..

Прыслухайся!.. —

Голас пагрозны

Кідае словы праклёнаў

на кожны твой крок,

Дзеткам і ўнукам тваім

Наклікае жахлівыя кары...

Завошта?.. Нашто?..

Сэрца пыталася,

Білася з болем,

Быццам набатны ўстрывожаны звон,

Гулка гайдала начную самоту...

 

Я падняўся.

Я выйшаў пад сінія зоры.

Трымцеў ужо золак.

Шамацелі пяшчотна

пад цёплай расою лісты.

Над краем плыла

неабсяжная, чуйная ціша.

І я спадзяваўся, я так спадзяваўся,

Што голас той сціхне,

Пакіне ў спакоі душу...

Але не...

Ён гучаў — і гразіў, і гразіў мне здалёк...

І сэрца гукала: — Ты чуеш?! Паслухай!

Паслухай!..

І тады мне згадаліся

ў выбухах чорных палі,

Над магіламі брацкімі

залпы гарачых ствалоў.

І гаркотныя слёзы

матуляў, што лютае пекла прайшлі,

І салдацкія клятвы —

сурова, маўкліва, без слоў.

І тады зноў

жахлівыя, немыя крыкі пачуў,—

Са скляпенняў гестапаўскіх

стогнамі ўдарыла ў твар.

 

І тады зноў паўсталі

шляхі агнявыя ўваччу,

І над вёрстамі — вісельні...

вісельні... сотні ахвяр...

І тады...

І тады — сэрца ўпала,

нібыта ў якоесь прадонне,

І не стала чым дыхаць...

Сціскала ў грудзях...

І тады —

Я прасіў:

— Пацярпі, маё любае,

Не спыняйся,

Вось ранак ужо настае,

Хутка прыйдуць праменні,

Прынясуць табе цёплую ўсмешку вясны,

А за імі прымчыць Кацярынка,

І Дашута прыскочыць з пяшчотнаю песняй,

І Косцік на новым кляновым

прыедзе кані,

А за імі паважны наш Дзімка

сястрычку Настульку

Прывязе ў самаробнай каталачцы ў сад,

І тады — я ўжо знаю —

ты мужна асіліш свой боль,

І тады табе стане лягчэй,

Пацярпі ж, маё сэрца,

Не зважай на пагрозы,

Паглядзі — як ён ззяе, цудоўны наш свет!..

Узыходзіла сонца.

Так велічна, радасна, ясна

ўставала яно.

Афарбоўвала ў чыстае золата

даль над ракой.

Адмыкала для радасці свет,

адчыняла з вітаннем акно,—

Для жывога ўсяго

мірны, сонечны

несла спакой.

Цёпла дыхалі дрэвы.

Па-ранняму,

Востра

Запахла ў лістоце раса.

На пялёстках, здаецца, звінелі

праменняў званы.

І насустрач чароўным, нястрымным

вясны галасам

Нехта нёс сваю радасць...

А то — ўжо спяшаліся

ў сад наш — яны!

Дзеці.

Вясёлкі мае.

Колькі шчасця ў вачах іх,

Колькі ласкі,

Пяшчоты

Да ўсёй навакольнай красы!

Хто ж ім кары жадае?

За што?

Хто ў іх ворагаў бачыць?

Хто ім шле

свае грозьбы здалёк?..

— Сястрычкі мае!

— Брацейкі!

Не стапчыце пялёсткаў,

Хай белаю будзе зямелька,

Чысцюткай хай будзе!..—

Я знаю:

То кліч падае

Кацярынка.

Гаспадынька.

Парадніца ў садзе.

І, хоць дзецям так хочацца

кінуцца ўроссып,

Зазірнуць найхутчэй

ва ўсе сада куткі,

Ды ўсё ж слухаюцца

Кацярынкі,

Асцярожна

ступаюць між дрэў...

І вядзе яна іх за сабой,

І ў жменькі гарачыя

Падбіраюць са сцежак

пялёсткі,

Рассыпаюць на градкі —

Хай белаю

будзе зямля!..

А тады — не ўтрымаліся —

Пырснулі смехам,

Штось вясёлае ўспомнілі,

Вакол хаты бягуць і гукаюць кагось,

А тады — каля кветак спыніліся,

Пчолак ранніх вітаюць,—

самі пчолкамі ўюцца ля іх;

А тады — чую —

звонка

Прыпыняе ўсіх голас Дашуты:

— Дзеці, дзеці, паслухайце:

А я песеньку новую склала!

Чуйце! Чуйце хутчэй!..—

І яны абступаюць сястрычку,

Падахвочваюць шчыра...

Бо што-што,

А новыя песні і казкі

Цэлымі днямі

Тут слухаць гатовы штораз!..

 

Песня Дашуты

Татачка родненькі

Завязе мяне на каляровы луг.

А мамка пакажа,

Дзе расцвілі

Прыгажуткія кветкі.

І я спляту ім —

Татку і мамцы — па вяночку,

Бо яны ў мяне — самыя-самыя

Лепшыя ў свеце.

 

Татачка родненькі

Занясе мяне ў прамяністую ваду,

А мамка пад сонцам

Памые мне русыя коскі.

І я знайду ім

Чыстыя ў вадзе самацветы,

І будзе зіхацець для іх

Радасцю

Увесь паднябесны свет.

 

Татачка родненькі

Падыме мяне на дужых руках.

І я ўбачу ў вясёлых кветках

Светлую ў свеце дарогу.

І я пайду па ёй з таткам і мамкай

да шчасця,

І ўсе будуць рады

на цэлым свеце,

Што я вырасту добрай

І буду любіць усіх!..

Дашута пела.

А брызкачка-брызка

Настулька

Чмокала губкамі

І згаджалася весела:

«А-га, а-га...»

Косцік стаяў у захапленні

І гаварыў:

— Цудоўна!

Як усё прыгожа!..

А Дзімка ўключыў транзістар

І падбіраў у эфіры мелодыю

Пад Дашуціну песню...

І раптам —

З прыёмніка

Грымнулі словы пагрозаў,—

На ўсіх нас, на нашу краіну

Нацэльвалі крылатую смерць...

— Мы — звышсамыя!..—

Крычалі здалёку.

— Мы — не спынімся!..—

Крычалі здалёку.

— О’ кей! Пануй над усім, наша сіла!..—

Крычаў звар’яцела паяц...

Дзеці нічога не ведалі.

Яны бачылі толькі сонца і радасць.

Дзеці пляскалі ў ладкі

Дашуце.

Смяяліся...

А голас гразіў і гразіў...

А голас гразіў,—

І тады я яго пазнаў:

Гэта ж ён разбудзіў мяне

сёння ўначы...

Гэта ж ён прыгнятаў маё сэрца...

Захмарваў мне дзень...

Я пазнаў яго —

І тады, як не раз,

Мне ўявіліся

неба ракетныя высі,

І ахвяраў адчай,

для якіх не заслона і бог...

І тады мне ўявіліся —

гром барабанаў вайны,

Ваяўнічасць нарадаў,

заваёўнікаў маршы —

гіп-гоп! веры гуд! —

І вачэй генеральскіх

пагляд, як у ката, шкляны,

І нявольнікаў слёзы

пад сцягам жуды і пакут...

Амерыка...

Ты ж помніш, сэрца,

Як стаялі мы ў сумным здзіўленні

Перад тою зямлёй...

Як нямелі

Перад шаленствам дзялкоў,

Што падбівалі ў камп’ютэрах

Працэнты з людской крыві.

Загадалі яны камп’ютэрам,

і тыя лічаць, лічаць:

Колькі ў скляпеннях бомбаў,

колькі ракет.

За якія хвіліны

можна знішчыць

Адзін на ўсё чалавецтва свет.

Загадалі камп’ютэрам,

і тыя вядуць падлікі:

Колькі людзей выжыве,

а колькі — не.

Што стане з сям'ёй

чалавечай вялікай

У бязлітаснай, атамнай,

лютай вайне.

Хто панаваць будзе

над уцалелымі,

Хто стане бязмоўным,

вечным рабом,—

Усё падлічваюць

Дзялкі вайны...

Але ты ж помніш, сэрца,

Там — і гэта

Мы бачылі:

Як цалавалі маці сваіх немаўлят;

Як карміла

З лыжачкі

Бабуля ўнучку маленькую,

І дзьмухала ёй на кудзеркі,

І пяшчотна ўсміхалася ёй;

Як прасіў хлопчык

У нью-йоркскім парку,

Каб вавёрачка

Села на яго руку,

І бацька памагаў яму:

Цокаў вавёрачцы,

Як робім гэта і мы...

Помніш, сэрца,

Як ты мне падказвала словы,

І я звяртаўся да той зямлі:

О Амерыка,

І ў цябе ж ёсць прага радасці

І жаданне яе захаваць.

І ў цябе ж ёсць свет маленства,

Смех і песні ў чарадзе.

Звонкі мяч. І перагонкі.

І караблік на вадзе.

І ў цябе ж ёсць дзівы-казкі:

Дорыць скарбы чарадзей.

Летуценні, думы-мроі —

Аб святле на кожны дзень.

І ў цябе ж ёсць расставанні.

Смутак сэрцаў і спалох.

Тэлеграмы. І паштоўкі.

З дальніх сцежак і дарог.

Вунь праводзіць маці сына,

Вунь ступае пакрысе.

Ціха журыцца старая,

Як матулі ў свеце ўсе.

Вунь дзяўчына сарамліва

Пасылае хлопцу знак.

І, як многія на свеце,

Чырванее ўслед юнак.

Вунь капрызіць шустры бэбі,

Ручаняткай кліча...

— Мэм...

І ў цябе ж —

прамень натхнення

Ёсць для песень і паэм!..

Дык няўжо ж, няўжо, Амерыка,

Я паверу калі-небудзь, што ты

Можаш дапусціць,

Каб усё гэта знікла?

Няўжо ў цябе іншая Надзея —

Не на жыццё,

А на смерць?

Няўжо я паверу,

Што сваім катам і дзялкам вайны

Ты дазволіш

Страляць у маіх дзяцей,

Якія любяць свет у сонечнай радасці —

Гэтак жа, як і твае?!

 

Так,— ты помніш, сэрца,—

Мы гаварылі з табою тады —

У вочы самой Амерыцы;

Дык няўжо ж мы адмовімся

ад сваіх слоў, ад сваёй веры,

Пачуўшы адтуль крыкі пагроз?!.

 

У задуме, у роздуме

Я стаяў з устрывожаным сэрцам,

А за гэты час

Дзімка надабраў мелодыю,

І дзеці з усяе вуліцы

Стоўпіліся каля Кацярынкі

І спявалі песеньку пра мамку —

Мамачку -мамульку:

 

Сонейка прамністае,

Узнімайся весела!

Пра мамульку-мамачку

Слухай нашу песеньку!

Мамачку-мамульку

Род-ну-ю!

Мамку-дарагульку

Доб-ру-ю!

 

І сонца слухала іх

І шчыравала на ўсю моц,

Ажно людзі здзіўляліся:

Як зіхаціць зямля!

 

І людзі ўсміхаліся адзін аднаму,

І людзі віталіся, як лепшыя сябры,

І людзі неслі ў вачах святло дабрыні,—

Столькі дабрыні — што аж на цэлы свет!..

 

І тады мне паўсталі —

шляхі векапомнай вясны,

Дзень святой Перамогі:

як бурліў акіян наш людскі!

Як, адчуўшы, што стухла

ненажэрнае пекла вайны,

Людзі славілі шчасце —

жыццём даражыць праз вякі.

 

І тады мне паўсталі —

ад усмешак, ад радасных слоў

Светлыня; і абдымкі, і музыка,

песні без меж,—

Перамога!.. Ўвесь свет дарагі

нараджаўся, ўзнімаўся наноў,

Каб адно панавала ў жыцці

толькі кельма, сяўня і лямеш!..

 

Адкуль жа прыйшло,

Адкуль узялося

Столькі светлых пачуццяў,

Столькі ўсмешак і песень,

Столькі радаснай веры,

Жадання ствараць і тварыць —

Пасля чорных такіх ліхалеццяў,

Пасля згубнай такой вайны?!

 

— Сонца! — я пытаў. —

Адкажы, ты ж таксама

пазнала

На сабе

Праз стагоддзі

навалы ліхія,

І цябе ж неаднойчы

Хацелі

Заслонамі войнаў,

Бясконцых разрываў і выбухаў,

Цемраю хмарнай і чорнай

Адпрэчыць навекі ад свету,

Ад людзей з іхняй прагай жыцця.

Дзе ты сілу бярэш сваю, Сонца?..

Ці не баішся, што зараз

Загубяць дзялкі і цябе?!.

 

Сонца заместа адказу

Узнімалася ярка вышэй і вышэй,

Залівала святлом

Усё болей і болей прастораў,

Цалавала і кожны зялёны лісток,

І былінку,

і кволенькі парастак,

І бухматую кветку,

і з мядовым узяткам пчалу,

І дзяцей у іх шчасці,—

І ў гэтым буянні красы і святла

Я пачуў мне адказ...

 

Няхай сабе шалеюць

У марах лютых

Дзялкі вайны.

Няхай сабе шлюць хоць якія пагрозы.

Няхай падбіваюць рахункі

Іхнія камп’ютэры...

А сонца ўстае кожны дзень

Урачыста, велічна і пераможна

І з любасцю абнімае зямлю!

І падымаюцца пад праменнямі

новыя цікаўныя лісточкі,

Ідзе ў трубку,

зеляніцца пёрамі рунь,

Варушацца карані ў глебе,

мацуюць завязь сады,

Трымціць жаваранак у небе сінім,

І перапёлка прабуе голас —

ці чыста звініць?..

 

І вітаючы вялікую любасць сонца,

Нясуць людзі ў будучыню

Вялікую сваю Надзею,

І пакуль яны пад аховай і любасцю

Народнай маёй Перамогі,—

Ніхто не спыніць людскога жыцця!..

1985


1985

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан