epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Наказ

Дружа мой, сын мой,

Рамантык касмічнага веку,

На развітанне

ты просіш

Парады маёй...

Слухай жа:

Дзе б ты ні быў —

Адчувай сваю сувязь

з бацькоўскай зямлёй.

Памятай:

Край свой любіць —

Ёсць вышэйшы закон чалавека.

Будуць і радасць, і ўцехі,

І між перамог перамогі.

Але і скруху, і буры

Сустрэнеш не раз...

Ведай жа:

Ты пераможаш

І час,

І арбіты падсонечных трас,

Калі будзеш памятаць тыя,

Дзе крочыў з матуляй, дарогі.

Вернасць душы —

Вымярай толькі вернасцю краю,

Ленінскай справе

Адданасцю шчырай навек! —

Дружа мой,

Сын мой,

Рамантык эпохі

І мой дарагі чалавек,—

Гэткі

Табе я

Наказ абвяшчаю!..

 

1978


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан