epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Наказ партыі

Маладому герою,

Юнаку, што пазнаў перамогі сакрэт,

Уручае партыя сёння

Партыйны білет.

 

Людна ў залі райкома...

Урачыстая ціша...

І час настае —

З цёплым словам сяброўскім,

З прамовай напутнай

Сакратар,

Баявы камісар,

Устае.

 

...Мы ўручаем давер’е народа табе,

Што здабывалася ў працы і ў цяжкіх баях,

Права

Першым заўсёды ісці ў барацьбе,

Першым несці наперад

Камунізма сцяг.

 

Уручаем табе мы

Сонца нашых кастрычніцкіх заваёў,

І натхненне народа,

І мужнасць народа,

І той шлях, што Радзіму да шчасця прывёў.—

 

І руку паціскае,

Як бацька і сябра,

Стары бальшавік юнаку.

А таму —

А таму свет па-новаму бачыцца,

Як ніколі яшчэ на юнацкім вяку.

 

Быццам дужыя крылы

Падымаюць яго ў неабсяжны сусвет.

І, як сонца, яснее,

І, як сцяг, палымнее

У руках яго

Родны

Партыйны білет.

1948


1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан