epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Налібока

Глянеш блізка ці далёка —

Налібока, Налібока,

Цёмны лес усё ўздымаецца,

Пушча-гушча не канчаецца:

Там гамоняць сосны стройныя,

Маладыя, неспакойныя,

Там бярозы шэпчуць белыя,

Сарамлівыя, нясмелыя,

А далей дубы задумныя —

Толькі ў буру

грозна-шумныя.

Налібока, Налібока...

Мімаволі шырыш вока:

Цёмна ў засені прытоенай,

Даўнім водарам настоенай,

Ані раз як бы няходжанай

З той пары,

калі народжана.

Спіць як быццам Налібока,

А ступі —

і гул ад кроку

Рэхам пройдзе між ляшчынамі,

Над грудамі, над лагчынамі,

Пройдзе ўзбуджана-ўстрывожана

Ад Сулы аж да Валожына,

І, пакуль яно гайдаецца,

Шмат што, дружа,

прыгадаецца.

Прыгадаецца, прыпомніцца,

Як ішла тут наша конніца,

Як у гэтай самай засені,

Дзе ўраслі ў ляшчыннік ясені,

Мы будзілі

пушчу родную

Партызанскаю паходнаю:

 

«Як выходзілі ў бой партызаны,

Гаманілі лясы і паляны,

Гаманілі лясы і паляны,

Як выходзілі ў бой партызаны.

 

Не сумуйце вы, сёстры і маці,

Партызан з перамогай чакайце,

Партызан з перамогай чакайце,

Сваёй ласкаю іх сустракайце.

 

Партызаны — лясныя салдаты —

Не дарэмна пакінулі хаты,

Мы адпомсцім чужынцам праклятым,

Партызаны, лясныя салдаты.

 

І заўсёды згадаем па праву

Баявую суровую справу.

Баявую суровую справу,

Партызанскую мужную славу...»

 

Адышлі гады ваяцкія,

Ціха спяць магілы брацкія,

Дні трывожныя далёка...

Будзь шчаслівай, Налібока!

 

І стаіць яна прыбраная,

Як нікім не зачапаная,

Не кранутая як быццам бы

Ні агнём, ні навальніцамі,

 

Маладая пушча наская,

Як і слава партызанская,—

Усё шырай разрастаецца,

У вышыні падымаецца,

Непарушная, свабодная

Майго краю

пушча родная!

1955


1955

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан