epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Напрадвесні..."

Напрадвесні, напрадвесні так бывае:

Хоць з паўночы злосны сівер павявае,

Ды пад сонцам растае счарнелы снег,

На палях то там, то сям відаць агрэх.

 

У тваім, тваім настроі ёсць часамі

Халадок з яго скрыпучымі вятрамі,

Ды мацней, чым сіла сонечнага дня,

Тваёй дружбы, тваёй ласкі цеплыня.

 

Я люблю той час, калі пад сонцам поле

Снег з плячэй скідае радасна ўсё болей

І, хутчэй каб яго спраўдзіліся сны,

Адзяваецца ў лагодны ўбор вясны.

 

Яшчэ ж больш люблю — і ты пра гэта знаеш,—

Калі ты з душы нягоду праганяеш

І жывеш вясёлай, светлай, як прамень,

Што табе тады зайздросціць нават дзень.

1956


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан