epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Нарэшце, нарэшце..."

Нарэшце, нарэшце.

Спаткаў чалавек чалавека другога.

Нарэшце.

Такога чаканага і дарагога.

І колькі ж сказаць яму трэба...

Адкрыцца. А мо й павініцца...

Ды сонца ўжо нізка.

Сонца садзіцца.

 

А сонца такое прыгожае —

Яснае, свеціцца чыста.

А колькі ў ім мірнасці любнай,

А колькі свабоды агністай.

 

А колькі яно абяцае

Пяшчотнасці кожнаю рыскай!

Ды толькі ўжо нізка.

Ах, як яно нізка.

Як нізка!

 

І хмурны, разгублены

Ціха стаіць чалавек, як без мовы.

І толькі два словы

Як быццам аднекуль здалёку —

два словы

Нібы выбачэнне, нібыта прызнанне —

Стаіць — прамаўляе бясконца:

— Ах, сонца!

Ах, сонца!

Ах, сонца!..

 

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан