epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Наша справа

З усіх, што ёсць на свеце спраў,

Душой, жыццю адданаю,

Абралі мы сабе, сябры,

Самую складаную.

 

Вялікіх бітваў акіян

Шумеў прад намі ўспенена,

Калі мы ўсталі, як байцы,

У строй пад сцягам Леніна.

 

Не баючыся ні пагроз

Варожых, ні напасцяў,

У строй мы сталі, каб стварыць

Свайму народу шчасце.

 

І вось чаму на ўсіх шляхах,

Што мужнасцю пракладзены,

І цяжка нам, і люба нам,

І столькі славы дадзена.

 

І вось чаму, святло, і мір,

І маладосць баронячы,

Мы бачым будучынь сваю

Усю ў праменнях сонечных.

1953


1953

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан