epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Нашчадкі Тараса

Памяці ўкраінскага паэта Яраслава Шпорты

 

 

О як я хацеў бы, каб песня ўдалася!

Сябры мае добрыя,

Лірнікі мудрыя,

Героі, нашчадкі Шаўчэнкі Тараса,

І вы, што папалі пад сны непрабудныя,

І вы, што ўзвіхрылі

касмічныя трасы,

О як жа хачу я,

каб песня ўдалася,

Іначай, здаецца, шчаслівы не буду я!

 

Жыццё — не адна толькі роўная роўнядзь,

Бясхмарная далеч з зарой прамяністаю;

Жыццё — не заўсёды спагадамі поўніць,

А часта

страчае дарогай цярністаю;

І часта бывае —

і з сэрцам гартоўным

Нялёгка, няпроста да мэты чароўнай

Дайсці —

супроць бураў і роспачы выстаяць.

 

Жыццё выпрабоўвае гневам і болем,

І сумам цяжкім, і жалобаю стратнаю.

І шчасце —

калі пад нягодай любою

Ты чуеш падтрымку сардэчную, братнюю,

І шчасце —

калі праз навалы з табою,

Ажно да апошняга грознага бою,

Друг верны ідзе

з непахіснасцю ратнаю.

 

Сягоння згадаю франты і паходы,

Змагання і бітваў шляхі незваротныя,

І бачу,

І свету кажу назаўсёды:

Былі са мной побач,

адданыя, родныя,

Героі, сыны ўсіх савецкіх народаў,

І вы сярод іх —

вы, крылатага роду

Нашчадкі Тараса,

арлы быстралётныя!

 

Адзін з вас,

юнак, летуценны і ўзнёслы,

Ды з мужнай душой,

ды з адвагай быліннаю,

Хоць колькі мінула і зімаў і вёснаў,

Жыве ў маім сэрцы;

Самой Украінаю,

Самой вашай славай,— вячыста-зайздроснай,

Жыве яго вобраз —

і дружбай дзівоснай,

Што мне ён дарыў,

даражыць не пакіну я.

 

Ён думаў пра Кіеў, Дняпро і Карпаты,

Ён марыў ім спець

сваю песню найзвонкую,

А ў бітвах з чужынцам

крывёю салдата

Зрадніўся з маёй беларускай старонкаю.

І помняць яго, як зычлівага брата,

Шляхі Магілёўшчыны,

Міншчыны хаты

І ў Панямонні кражы нашы гонкія.

 

Гады праляцяць чарадою няспыннай,

У строй змагароў прыйдуць шэрагі новыя,

І зменіцца ява,—

ды вечна Айчына

Жыццём шанаваць будзе кожнага сына,

Што сэрца аддаў ёй часінай суроваю.

І вечна паклон і табе,

Украіна,

Слаць будуць народы

сардэчнаю моваю.

 

Няхай жа на крылах вялікага часу.

Сябры мае добрыя,

Лірнікі мудрыя,

Героі, нашчадкі Шаўчэнкі Тараса,

Ляціць і маё да вас слова;

Нязгаснай

Няхай будзе зорка той любасці яснай,

Што лучыць людзей,—

і шчаслівы век буду я!

 

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан