epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Настала ноч..."

Настала ноч —

такая салаўіная,

Якой і ў маладосці не было.

І зазвінела ў сэрцы нешта дзіўнае —

Нібыта птушкі срэбнае крыло.

 

Звініць, звініць, ну так і хоча вырвацца,

У ноч,

У волю,

Удалеч

Паляцець.

І радасці азораныя вырысы

Здаюцца побач — толькі захацець.

 

Сяджу, маўчу ва ўладзе знаку нейкага,

У песеннай, трывожнай цішыні.

Як быццам зноў

над нівамі, над рэкамі

Гараць мае юнацкія агні.

 

А салаўі пяюць —

у сэрцы срэбра булькае.

Званчэй, званчэй —

бліжэе сонца ўсход...

І я ўстаю... Дзень добры, шчасце гулкае,

Дзе сорак вёсен звонкіх,

сорак год!..

 

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан