epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Настане час..."

«Настане час —

забудзе свет пра боль пакут;

Надыдуць дні —

не ўспомняць і пра слёзы людзі...»

Ах, дружа, адкажы,

які ж тады ён будзе,

той зялёны кут,

Дзе жвір-пясок

мае укрые грудзі?..

 

Няўжо над ім ніколі

не застогне сіні бор —

Не здрыганецца

сумным веццем над труною?

Няўжо ніхто

ні ў бляску дня, ні пад мігценнем зор

Не выплача

ўспамінаў

нада мною?!.

 

Не, я не веру...

Хоць і будзе новы век,

Не веру,

што на свеце знікнуць

жаль і смутак...

Інакш — навошта жыць?

Навошта ў шчасце верыць чалавек?

Навошта ўсе мы

да цяжкіх шляхоў прыкуты?..

Не, не! — не для пакуты

я ўслаўляў свой шлях жыцця

і не для слёз! —

Але, калі б я ведаў,

што, як упаду,

не ўстане жальба пад парогам,—

Павер, хаця б і неўміручасць

прысудзіў мне лёс,

А я б пакінуў гэты свет —

яшчэ пакуль па людзях плакаць могуць..

Русявая, пяшчотная, харошка,—

у яе паглядзе бачу я

І радасць, і трывогу,

і слязіны цёплай сум адвечны...

І ўпэўнены: я ўсё прайду

і выстаю ў любых баях,

Каб захаваць

і для сябе і свету

гэту чалавечнасць...

 

1979


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан