epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Настуліна казка

Плакала Настулька

Слёзна і без слёз,

Каб хутчэй татулька

Казку ёй прынёс.

 

А татулька ў лесе,

Між хваёвых стром,

Сосны там пілуе,

Рубіць новы дом...

 

Вось і кажа маці:

— Таткі, бач, няма.

Мо складзеш, дачушка,

Казачку сама?..

 

— Не! — Настулька просіць.—

Не, мамуля, не!

Казкі я заўсёды

Бачу толькі ў сне.

 

А прачнуся —

Ўсюды

Скрозь — адно святло...

Бы са мной нічога

Ў сне і не было...

 

— Што ж,— гаворыць маці,—

Сціхні ж, не тужы

Ды прыдумаць казку

Маме памажы...

 

Чуеш? — за сцяною,

Між зялёных ніў,

Быццам у званочкі

Нехта зазваніў?

 

Чуеш?..

— Чую, мамка...

— А хто ж звоніць там?..

— А то едзе казка,

Вязе радасць нам...

 

Едзе яна борам,

Там, дзе татка твой,—

Татка нам вітанне

Пасылае з ёй;

 

Едзе казка полем,

Дзе жытоў сцяна,—

Покліч перапёлкі

Нам вязе яна;

 

Едзе паплавамі,

Берагам ракі,—

З казкай

Табе песню

Дораць сітнякі...

 

Слухае Настулька,

І карціць ёй знаць:

А на чым жа

Казка

Едзе іх вітаць?

 

Як вязе ім казка

Кліч і спеў чужы?..

І так шчыра просіць:

— Мамка, адкажы...

 

— А паглянь, дачушка,

Выглянь за акно:

Колькі там іскрыстых

Прамянёў відно!

 

Расстаецца сонейка

На ўсю ноч з зямлёй.

Дый на развітанне

Дорыць ласку ёй.

 

Каб уноч па-цёпламу

Дыхалі палі,

Нівы падняліся,

Дрэвы падраслі.

 

Бачыш — небасхілы

Ззяюць да краёў? —

Колькі там

ясноты,

Колькі прамянёў!

 

Як яны імкліва

Плыняць, прамяні!

Як ляцяць

над светам!

Аж звіняць!

Зірні!..

 

Бачыш?

— Бачу, мамка!..

А дзе ж казка там?..

— А яе

Сам сонечны

Вязе конік нам...

 

Села казка —

у вазок

З залатымі коламі,

Закілзала коніка

Стужкамі вясёлымі.

 

Залатая грыва

Ў коніка, пабач,

Аж гарыць,—

Імклівіць

Конік наш наўскач.

 

— Дзілінь-дзінь, дзілінь-дзінь!

Пад дугой званочак.

Ляціць казка

з-пад вышынь

На твой галасочак.

 

А за ёй услед —

Сярпок

Месяца —

Імчыцца,

Каб табе

ў вясёлым

сне

Усю ночку сніцца:

 

То гарэзнай птушкаю

Пырхнецца ў акне,

То цябе па шчочках

Пёркам чыркане,

 

То асыпле бліскамі —

Ліўнем серабра.

А то ўстане з песняй:

«Баю, спаць пара...»

 

— Чуеш гэты голас?..

За сцяной гучыць?..

Ды Настулька

Нешта

Ўсё маўчыць, маўчыць.

 

— Што з табой, дачушка? —

Сціхла ля акна...

Паглядзела маці —

А ўжо спіць яна...

Пэўна што — прыспала

Захадам вясна...

 

— Што ж, дачушка...—

Кажа

Маці шчыра ёй...—

Заўтра нашу казку

Скончым мы з табой...

 

А цяпер — дабранач,

Спі ды сноў насні...

Аб вясновым, шчасным,

Самым ясным дні...

 

Я ж з табою буду

Тут,

Не адыду.

Ды яшчэ мо казку

Новую складу...

 

Казку-непагаску,

Казку — сэрца сказ,

Казку — слова шчырае,

Слова без прыкрас...

1986


1986

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан